Лукашэнка: Я не хачу для маіх сыноў прэзідэнцкага лёсу


Кіраўнік Беларусі распавёў, якую ролю ў сямейным і дзяржаўным жыцці граюць ягоныя сыны.

“Не планую жыць да 90 гадоў”

«Я вам шчыра скажу. Я, мабыць, не дажыву да таго часу, калі мой малодшы сын нават захоча зрабіцца прэзідэнтам. Яму ж яшчэ восем гадоў, уявіце, яшчэ 30 гадоў трэба чакаць. Тады мне будзе 90 з лішнім. Тады я ўжо на тым свеце буду, паверце. Але я не хачу, разумееце [смяецца], я не планую жыць да 90. Пра майго сына Мікалая як прэтэндэнта на прэзідэнцтва – гэта звычайная выдумка жоўтай прэсы, каб напалохаць людзей, сказаць: «Лукашэнка ва ўладзе будзе да таго часу, пакуль Коля не вырасце». Таму вы нават і не думайце пра гэта, гэта поўнае глупства», – распавёў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы Клубу галоўных рэдактараў краінаў СНД, Балтыі ды Грузіі, створанага пры ўдзеле «РИА Новости».

“Мы гэтага ніколі не абмяркоўвалі”

«Я вам скажу больш, каб не казалі, што старэйшы сын або сярэдні сын Лукашэнкі хоча быць прэзідэнтам. Ці хачу я прэзідэнцкага лёсу сваім дзецям? Ніколі ў жыцці. Я не хачу, каб яны яшчэ раз пайшлі гэтым шляхам. Я хачу, каб яны спакойна выхоўвалі сваіх дзяцей і, самае галоўнае, каб вось, як у мяне, у іх палкамі не кідалі. І ў нас ніколі ў сям’і не было, каб мы селі і абмяркоўвалі гэтую праблему».

“Сын заўсёды гаворыць мне праўду”

Лукашэнка падкрэсліў журналістам, што не зрабіў старэйшага сына прэм’ер-міністрам, каб той «застаўся [пасля адыходу Лукашэнкі з пасады] і выбары прэзідэнта арганізоўваў». «Ён звычайны памочнік прэзідэнта, займаецца ваеннымі праблемамі. Але ён – дадатковая крыніца і канал паступлення інфармацыі прэзідэнту. Сын заўсёды скажа праўду. І другая ягоная функцыя – кантралюе. У нас у Беларусі створаная невялікая кампактная структура, аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце. Яго кантралюе мой старэйшы сын. Паводле закону верхавіна спецслужбаў ім падкантрольная. Я не ведаю, як яны гэта ўспрымалі, але гэта прыжылося. І пры тым сын жа не прыйдзе да вас як да прэзідэнта, не спляце інтрыгу ў сваіх інтарэсах: ён жа перажывае за бацьку».

27 лістапада ў інтэрв’ю агенцтву «Reuters» Лукашэнка выказаў сумнеў, што дажыве да пятага тэрміну. Ён таксама згадаў пра тое, што ніколі не абмяркоўваў з сынамі, ці будзе хтосьці з іх пераемнікам.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары