Аляксандр Круты: Калі б не розгалас, замкнулі б у вар'ятні да канца жыцця


Паводле бацькі пацярпелай ад тэракту ў менскім метро, расстрэлам Уладзіміра Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава сістэма адпомсціла за тое, што ёй не ўдалося сфабрыкаваць падобнай справы ў дачыненні Мікалая Аўтуховіча.

Учора зрабілася вядома, што Аляксандра Крутога вызвалілі з псіхіятрычнай лякарні ў Навінках пасля прымусовага лячэння. У медычную ўстанову ён трапіў пасля таго, як на працэсе аб тэракце ў метро 11 красавіка 2011 г. абараняў інтарэсы сваёй пацярпелай ад выбуху дачкі.

{movie}Аляксандр Круты: у вар’ятні мне казалі, што я палітвязень|right|8254{/movie}Мужчына дбайна рабіў выпіскі са справы, каб задаваць нязручныя пытанні на судзе. Паводле Крутога, ён быў добра падрыхтаваны да гэтага, бо раней выступаў на працэсе, сфабрыкаваным супраць Мікалая Аўтуховіча. «Калі 20 верасня [2011 г. – belsat.eu] пачалі вылазіць відавочныя факты фальсіфікацыі гэтай крымінальнай справы [аб тэракце ў метро – belsat.eu], гэта і паслужыла прычынаю маёй ізаляцыі», – кажа Аляксандр Круты.

Паводле яго, турэмныя ахоўнікі і персанал Навінак называлі яго палітвязнем. «У вар’ятні мне казалі, што я на асобым кантролі ды на асобым уліку як палітзняволены. Таму мая ізаляцыя была толькі звязаная з тым, што я вывучаў матэрыялы крымінальнай справы і спрабаваў даказаць, што ні Кавалёў, ні Канавалаў да выбуху ў метро не маюць дачынення», – дадае ён.

Ягоныя нязручныя пытанні выкрывалі сутнасць «сфальсіфікаванай, зробленай на замову палітычнай справы». Круты ўзгадвае, як назбіраныя падобным чынам абвінавачанні на адрас Мікалая Аўтуховіча рассыпаліся ўмомант.

Артыкул, паводле якога асудзілі Аляксандра Крутога, прадугледжвае зняволенне да шасці месяцаў. Ён толькі ў турмах правёў каля сямі месяцаў, яшчэ восем з паловаю – у Навінках. Круты кажа, што калі б ягоная справа не атрымала розгаласу, яго маглі б трымаць у псіхіятрычнай лякарні яшчэ доўгія гады.

У Навінках Круты займаўся фізічнымі практыкаваннямі: рыхтаваўся да выйсця на волю і пошукаў цяжкой працы, усведамляючы, што па спецыяльнасці ён ужо нікуды не ўладкуецца.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў