Дзіма Якаўлеў супраць Сяргея Магніцкага


Сёння Савет Федэрацыі Расеі аднагалосна прыняў гэтак званы «закон Дзімы Якаўлева», які, сярод іншага, забараняе ўсынаўленне расейскіх дзяцей амерыканскімі грамадзянамі. Раней за прыняцце закону прагаласавалі 420 дэпутатаў Думы і толькі 7 – супраць.

Пра што вядзецца?

Гэта стала адказам на «акт Магніцкага», які прынялі ЗША. Амерыканскі закон уводзіць візавыя і фінансавыя санкцыі супраць дзясяткаў расейскіх чыноўнікаў, датычных смерці ў турме адваката Сяргея Магніцкага. А Дзіма Якаўлеў – двухгадовы расейскі хлопчык, якога ўсынавіла амерыканская сям’я. Ён загінуў чатыры гады таму, калі бацька пайшоў у краму і забыў дзіця ў машыне.

Акрамя забароны ўсынаўляць, закон Якаўлева ўводзіць візавыя санкцыі ды фінансавыя абмежаванні ў дачыненні амерыканцаў, якія парушылі правы расейцаў.

Сябра рады правоў чалавека пры прэзідэнце РФ Юрый Костаў лічыць гэты закон абуральным і ганебным. «Амерыканцы не хочуць бачыць у сябе людзей, якія забілі Сяргея Магніцкага. Няважна, вінаваты ён ці не. Смяротнага пакарання ў нас няма. Адэкватнай рэакцыяй было б самім пакараць іх. Замест гэтага выходзіць, што Расея падтрымлівае тых, хто забіў Магніцкага», – адзначае ён. {movie}Юрый Костаў пра закон Якаўлева|right|8243{/movie}

Рэакцыя грамадства

«Закон Якаўлева» быў прыняты неадназначна: толькі рэдакцыя «Новай газеты» сабрала больш за 100 тыс. подпісаў супраць адказу на «акт Магніцкага». Аднак подпісы гэтыя… згубіліся.

Статыстыка ж няўмольная: пасля развалу СССР амерыканскія грамадзяне ўсынавілі больш за 100 тыс. расейскіх дзяцей, з якіх за апошнія дзесяць гадоў загінулі 19. А ў расейскіх сем’ях за гэты ж час загінулі больш за 1 тыс. усыноўленых дзетак. У выніку палітычных спрэчак забойцы Магніцкага аказаліся пад абаронаю Расеі, а пацярпяць толькі расейскія дзеці.

«Белсат» запытаў жыхароў Масквы, што тыя думаюць пра забарону ўсынаўлення расейскіх дзяцей амерыканцамі.

Падрабязнасці – у відэаматэрыяле. {movie}Апытанне: “закон Якаўлева”|right|8244{/movie}

belsat.eu

Стужка навінаў