Чамадан з доларамі ў кабінеце віцэ-мэра знайшлі, калі яго не было на працы


У Менскім абласным судзе працягваецца слуханне крымінальнай справы былога намесніка мэра сталіцы Ігара Васільева.

Ён абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу (атрыманне хабару асобаю, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры).

Нагадаем, Ігара Васільева працаўнікі КДБ затрымалі 6 ліпеня сёлета паводле падазрэння ў вымаганні хабару, $ 500 тыс., у прадстаўнікоў чэшскага інвестара за дапамогу ў падпісанні інвестыцыйнай дамовы на будаўніцтва пад Менскам смеццеперапрацоўчага заводу коштам больш як $ 30 млн. Хабар мелі перадаць дзвюма роўнымі часткамі. Васільева затрымалі ў службовым кабінеце пасля атрымання $ 250 тыс.

На судзе 26 снежня Вадзім Аскірка, былы памочнік Васільева, сказаў, што раней бачыў Ананьева, які, паводле версіі следства, прынёс у кабінет чыноўніку гарвыканкаму партфель з доларамі, на нейкай сустрэчы ў гарвыканкаме.

Ён паведаміў, што раніцаю 6 ліпеня 2012 г. (калі затрымлівалі Васільева – БелаПАН), яшчэ да з’яўлення чыноўніка на працоўным месцы, але пасля нібыта атрыманага ім хабару, як вынікае з матэрыялаў справы, у прыёмную і кабінет чыноўніка зайшлі, не назваўшыся, сямёра чалавек. З сабой у іх былі дзве спартовыя сумкі.

Ці даставалі гэтыя людзі (пасля стала вядома, што гэта працаўнікі КДБ – БелаПАН) нешта з гэтых сумак, сведка не бачыў. Двух панятых, якія прысутнічалі пры гэтых дзеяннях, ён не ведае.

Пры гэтым сведка заявіў, што людзі, якія абшуквалі кабінет Васільева, адразу знайшлі чорны партфель з $ 250 тыс.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў