Ермакова загаварыла пра дэвальвацыю


Паводле прагнозаў старшыні праўлення Нацыянальнага банку, рэзкай змены курсу беларускага рубля ў 2013 г. чакаць не варта.

Пра гэта Надзея Ермакова заявіла 26 снежня падчас он-лайн-канферэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА.

«Нягледзячы на тое, што Нацбанк не ўсталёўвае на 2013 г. мэтавыя арыенціры для абменнага курсу, чакаць яго рэзкай змены не варта. Асновюй для ўстойлівасці валютнага рынку і абменнага курсу ёсць унутраная і знешняя збалансаванасць эканомікі, на забеспячэнне якой, у сваю чаргу, накіраваная праца і ўраду, і Нацыянальнага банку», – адзначыла Ермакова.

Пры гэтым яна нагадала, што абменны курс фармуецца на падставе попыту і прапановы замежнай валюты на ўнутраным рынку. «Таму ўсім трэба прывыкаць да таго, што пэўная зменлівасць курсу ў той ці іншы бок – нармальны рынкавы працэс», – падкрэсліла кіраўніца Нацбанку.

Яна таксама паведаміла, што ў 2013 г. Нацбанк «працягне паступова змяншаць сваю прысутнасць на валютным рынку».

Паводле ацэнкі Ермаковай, цяпер «на ўнутраным валютным рынку Беларусі адзначаюцца ў цэлым станоўчыя тэндэнцыі». Суб’екты гаспадарання за 11 месяцаў сёлета прадалі на 1,5 млрд долараў больш, чымся купілі, у тым ліку за два апошнія месяцы – амаль 210 млн долараў.

У лістападзе попыт насельніцтва на валюту знізіўся больш як на 20 % у параўнанні з кастрычнікам. «Значную ролю ў гэтым адыграла цвёрдая пазіцыя Нацыянальнага банку ў пытаннях рэфінансавання банкаў, што дазволіла павысіць даходнасць па дэпазітах у нацыянальнай валюце і паменшыць прывабнасць зберажэнняў у валюце», – патлумачыла Надзея Ермакова.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў