Аляксандра Крутога адпусцілі з псіхіятрычнай клінікі


Як паведаміла ягоная дачка Інэса, пацярпелая ў выніку тэракту ў метро 11 красавіка 2011 г., Аляксандра вызвалілі 24 снежня.

Інэса Крутая мяркуе, што вярнуцца бацьку ў сям’ю дазволілі ў тым ліку яе выступленні ў медыях пасля апошняга судовага працэсу над ім, у выніку чаго мужчыну ўсё-такі не адправілі па месцы рэгістрацыі ў Слуцк, дзе яму няма дзе жыць. Яна сцвярджае, што ў пастанове суда чула спачатку менавіта такую фармулёўку.

Нагадаем, 20 верасня 2011 г. Аляксандра Крутога, які актыўна выступаў на працэсе аб тэракце, у Менску затрымалі міліцыянты. У пастанове аб затрыманні, якую пазней зачыталі ў судзе, гаварылася, што 17 жніўня Круты выліў на галоўнага лекара адной з медыцынскіх установаў сталіцы два слоікі мачы. Паводле накіравання пракурора затрыманага адправілі ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза прызнала, што ён быў у стане поўнай адсутнасці памяці.

6 снежня суд Маскоўскага раёну пастанавіў прымяніць да Крутога прымусовыя захады бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён утрымліваўся ў жодзінскай турме, затым яго перавялі ў СІЗА № 1. Згодна з пастановаю суда Аляксандра Крутога прызналі асобаю, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкс (хуліганства), у стане поўнай адсутнасці памяці, і вызвалілі ад крымінальнай адказнасці. Сёлета ў красавіку з СІЗА яго перавялі ў РНПЦ псіхічнага здароўя, дзе ён і заставаўся да вызвалення.

Паводле Інэсы Крутой, цяпер бацька мае намер знайсці працу, хаця ўсе разумеюць, што з «воўчым білетам» гэта будзе зрабіць вельмі цяжка.

паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары