Папа Рымскі чытае па-беларуску


Бэнэдыкт XVI традыцыйна павіншаваў беларускіх каталікоў з Божым Нараджэннем на іхнай роднай мове.

{movie}Папа Рымскі зачытвае віншаванне на славянскіх мовах, у тым ліку – па-беларуску|left|8237{/movie}25 снежня пантыфік звярнуўся да вернікаў з традыцыйным пасланнем і дабраслаўленнем «Urbi et orbi» («Гораду і свету»). Святы Айцец зычыў, каб мір прыйшоў да народаў, якія цярпяць ад крывавых канфліктаў, тэрарыстычных нападаў і недахопу свабоды, перадае радыё «Ватыкан». Напрыканцы ён зачытаў каляднае віншаванне на 66 мовах.

У сваім пасланні ён згадаў пра Егіпет, Ізраіль, Кенію, Кітай, Конга, Малі, Нігерыю, Палестыну, Сірыю і краіны Лацінскай Амерыкі.

Вось гэты фрагмент паслання:

«Дык няхай жа мір народзіцца для сірыйскага народу, глыбока параненага і падзеленага канфліктам, які не пашкадаваў нават бездапаможных і зрабіў ахвярамі нявінных. Яшчэ раз заклікаю спыніць кровапраліцце, палегчыць дапамогу бежанцам і пазбаўленым жылля і праз дыялог дасягнуць палітычнага вырашэння канфлікту.

Няхай мір прарасце на зямлі, дзе нарадзіўся Збаўца, няхай Ён падорыць ізраільцянам і палестынцам адвагу пакласці канец шматгадоваму змаганню і падзелам і з рашучасцю ўстаць на шлях перамоваў.

У краінах Паўночнай Афрыкі, якія перажываюць час глыбокіх пераменаў у пошуку новай будучыні, асабліва ў Егіпце, зямлі любімай і дабраслаўлёнай Езусам з дзяцінства, няхай жыхары разам будуюць грамадства, угрунтаванае на справядлівасці, павазе да свабоды і годнасці кожнага чалавека.

Няхай мір прарасце на вялікім азіяцкім кантыненце. Дзіцятка Езус з дабром глядзіць на шматлікія народы, якія жывуць на гэтых землях, і асабліва на тыя, якія вераць у Яго. Валадар міру кіруе свой позірк на новых кіраўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі з улікам высокага задання, якое іх чакае. Зычу, каб яны ацанілі ўклад рэлігіяў у павагу да кожнага. Так яны змогуць паспрыяць будаванню салідарнага грамадства, на дабро гэтага шляхетнага народу і ўсяго свету.

Няхай нараджэнне Хрыста спрыяе вяртанню міру на Малі і згоды ў Нігерыі, дзе жорсткія тэрарыстычныя напады працягваюць прыносіць ахвяры, асабліва сярод хрысціянаў. Няхай Збаўца прынясе дапамогу і суцяшэнне бежанцам з усходу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і падорыць мір Кеніі, дзе крывавыя напады ўдарылі па мірным насельніцтве і месцах культу.

Няхай Дзіцятка Езус дабраславіць шматлікіх вернікаў, якія Яго святкуюць у краінах Лацінскай Амерыкі. Няхай павялічыць іх чалавечыя і хрысціянскія цноты, падтрымае тых, хто быў вымушаны эміграваць далёка ад сваіх сем’яў і земляў, няхай умацуе кіраўнікоў у дзейнасці на карысць развіцця і барацьбы супраць злачыннасці».

belsat.eu

Стужка навінаў