У Афганістане з’явяцца жанчыны-паліцэйскія


Першыя з іх ужо праходзяць падрыхтоўку ў Кабуле.

Прымаючы пад увагу мясцовыя рэаліі, жанчын перадусім вучаць страляць, пасля – праводзіць вобшук, затрыманне і карэктна паводзіць сябе з падазраваным. Кіраўнік краіны Хамід Карзай загадаў падрыхтаваць 5000 жанчын да канца 2014 г., калі замежныя войскі пакінуць Афганістан.

Аднак ініцыятыва не сустрэла вялікага падтрымання мясцовых уладаў і грамадскасці ўвогуле. Бацькі ды мужы забараняюць жанчынам ісці ў паліцыю, бо традыцыя кажа, што іхнае месца дома. Таму шмат хто з тых, хто адважыўся на гэткі крок, зрабілі гэта, каб зрабіцца незалежнымі ад сям’і.

“Як толькі я паступіла ў паліцыю, пачала атрымліваць ананімныя тэлефонныя званкі з пагрозамі смерці. Яны пыталіся, чаму я пайшла ў паліцыю, і пагражалі забіць, але цяпер я не баюся гэтых пагрозаў. Я ганаруся тым, што я паліцэйская, і разам з маімі братамі ды сёстрамі раблю ўсё, каб нашая краіна выйшла з гэтай бядоты”, – кажа будучая паліцэйская Фарыда Гашымі. {movie}Афганскія жанчыны-паліцэйскія|right|8218{/movie}

Сітуацыя з правамі жанчын значна палепшылася пасля выгнання талібаў. Яны атрымалі права голасу, права на адукацыю і працу. У часы талібану жанчына не магла нават выйсці з дому без суправаджэння і магла быць забітая камянямі за шырока трактаваную “распусту”. Аднак грамадства так проста не змяняецца, і рэлігійны кансерватызм дагэтуль не дазваляе жанчынам быць роўнымі з мужчынамі.

“Існуе вялізарная патрэба ў жанчынах-паліцэйскіх, якія б забяспечвалі парадак на блок-пастах або на вуліцах. Гэтыя кадэты праходзяць падрыхтоўку ў мясцовых інструктараў, каб як мага хутчэй распачаць працу. Афганістан – традыцыйная краіна. Натуральна, тут ёсць праблемы з тым, што жанчыны ідуць у паліцыю, але я заклікаю даць жанчынам свабоду выбару, каб яны таксама маглі служыць краіне”, – кажа палкоўнік паліцыі Мір Ахмад Шаг.

Аднак талібы знаходзяць прыхільнікаў нават сярод жанчын-паліцэйскіх. Сёння адна з іх застрэліла амерыканскага жаўнера ў Кабуле.

belsat.eu

Стужка навінаў