Святы ў няволі


Гэтыя Каляды за кратамі сустрэнуць 12 палітычных вязняў. Акрамя іх у Беларусі хапае і іншых нявінна асуджаных – напрыклад, у эканамічных справах. Усім ім давядзецца адзначаць святы не ў коле сяброў і родных, а ў халодных камерах.

Студэнтку філфаку БДУ Аксану Ючкавіч разам з сотнямі іншых пратэстоўцаў затрымалі 19 снежня 2010 г. на плошчы Незалежнасці ў Менску. Дзяўчыне далі 10 дзён зняволення. За гэты час паспела змяніць тры камеры. У першай, разлічанай на траіх, сядзелі сем чалавек, у наступнай – 14 замест васьмі, а на Раство трапіла ў “чацвёрку”, дзе сядзелі васьмёра.

“Усе дзяўчаты ў камеры былі з затрыманых пасля выбараў… Я сказала ім, што каталічка, распавяла, як мы святкуем Каляды, згадала ўсе сямейныя традыцыі ды патлумачыла, што цяпер хачу хоць нейкім чынам гэта працягнуць”, – распавядае Аксана.



“Аплатак у камеру лепш не перадаваць”

“Пасля вячэры 24 снежня, прыкладна а 20-й гадзіне, у паўзмроку, мы сабраліся ў кола. Вокнаў не было, а краты пакрытыя вапнаю, і дзённага святла не відаць. Дзірачкі ў вапне былі, але вельмі малыя. Таму ў камеры ўвесь дзень асвятленне аднолькавае – ад лямпачкі 60 ватаў. Арыентавацца ў часе мы маглі, бо ў адпаведны час давалі ежу…

Паколькі ў камеры было шмат людзей, а месца мала, уся падлога была засланая матрацамі, на якіх мы спалі. Таму проста акуратненька расклалі ўсю ежу на нейкі спальнік, селі вакол. Свечкі, канечне, не было. А вось аплаткі сябры прынеслі разам з паштоўкамі, толькі тут іх нам не аддалі. Сказалі, што “гэта невядома што, і лепш у камеру не перадаваць”. Таму замест аплатак мы ўзялі хлеб, які нам прынеслі на вячэру, і падзяліліся ім.

Была спроба паклікаць святара. Яшчэ ў ноч з 20-га на 21-га, калі мяне прывезлі ў вязніцу, начальнік турмы зайшоў у камеру і запытаўся: што вам трэба? Мне на той момант вельмі былі патрэбныя раствор і кантэйнеры для лінзаў, бо моцна балелі вочы. Па-другое ж, я папрасіла паклікаць святара, каб мець магчымасць на святы паспавядацца і прыняць прычасце. Прылады для лінзаў мне хутка перадалі, а вось наконт святара ніякай рэакцыі, на вялікі жаль, не было. Нават калі потым мы з дзяўчатамі склалі пісьмовую просьбу”.

“Першыя Каляды за кратамі? Калі ж гэта было…”

Сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павал Севярынец адзначаў Каляды ў зняволенні ўжо чатыры разы. Першыя два ў 2006 і 2007 гг. – на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна (Полацкі раён Віцебскай вобласці), калі быў абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць балатавання Аляксандра Лукашэнкі на трэці прэзідэнцкі тэрмін.

Раство 2011 г. Павал сустрэў у менскім СІЗА КДБ. У ноч на 20 снежня яго затрымалі на выхадзе з плошчы Незалежнасці. Палітыка зноў прысудзілі да “хіміі”, і ў тым годзе ён апынуўся ў вёсцы Куплін (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці).

“Традыцыі святкавання за кратамі простыя: усё вызначаецца правіламі распарадку. З таго, што ёсць пад рукою ў асуджаных, ствараецца нейкае падабенства святочнага стала. Малітва. І трошку больш, чым звычайна, людзі перамаўляюцца, калі ўжо ляжаць на нарах”, – кажа Севярынец.

З памятнага

“На Новы 2007-мы год мяне пакінулі аднаго ў бараку камендатуры, а ўсім астатнім зняволеным дазволілі паехаць дамоў. І ўдзень 31-га, як снег на галаву, прыехалі да мяне бацькі! Прыгатавалі святочную вячэру, тата і матуля пабылі навагоднюю ноч, а на раніцу паехалі. Дазволілі гэта, я так адчуваю, таму, што ўсё начальства ўжо святкавала Новы год.

Умовы на хіміі былі вальнейшыя, чым у “амерыканцы”. Але з іншага боку – на Раство ў Малым Сітне лепш не выходзіць з хаты! Бо п’яны народ – гэта штосьці з нечым: сярод вяскоўцаў – п’янкі ды бойкі. Прыязджае дзяжурыць участковы, хуткая дапамога. Практычна не было іншых варыянтаў святкавання, трэба было сядзець, замкнуўшыся ў пакоі”.

Ялінка надакучыла

“І ялінак у Малым Сітне не ставілі. Як гэта ні дзіўна, там няма такой традыцыі. Бо елка дастае ўсіх яшчэ ў лесе, дзе працуе большая частка сітнінцаў. Усім яна надакучыла.

Без ялінкі давялося абысціся таксама і ў 2010-м. Бо калі апынуўся ў СІЗА КДБ, для ўсіх гэта было нечакана: і для самога СІЗА, і для затрыманых.

Быў там святочны стол. Замест стала была “шконка-верталёт”. Гэта дзверы, на якіх спалі тыя, каму не хапала месца. Такія дзверы разварочвалі паміж нарамі, на іх расстаўлялася ежа – былі і мандарыны, і сыр, і рыба. Бо ў СІЗА дазволеныя перадачы, а сядзяць там не бедныя людзі: са мною ў камеры былі “эканамічныя” – тыя, хто “не падзяліўся” ці перайшоў камусьці дарогу. Звычайны кантынгент сённяшніх турмаў СІЗА КДБ.

Але а 22:00 – адбой. Нікуды не дзецца: усё прыбіраецца. У суседніх камерах таксама асабліва не святкавалі, бо гэта лічыцца парушэннем распарадку, якое цягне за сабою наступствы. Народ сядзеў ціха, як мае быць. Бліжэй да 12-й гадзіны было чуваць, як выбухаюць петарды за акном. Але на той момант я, здаецца, ужо спаў”.

Усё роўна – лепш, чым у турме

“Мінулы год на праваслаўнае Раство настаяцель царквы, куды я хаджу штонядзелі, выпрасіў мяне на чатыры гадзіны на ўсяночную. Гэта, канечне, было чароўна! Мора людзей, і было вельмі прыемна, бо пасланне мітрапаліта Філарэта і патрыярха Кірыла чыталі па-беларуску. І спявалі беларускія калядкі! Пасля, канечне, давялося ехаць назад, зноўку ў камендатуру.

На гэтыя святы я 25-га патэлефаную і павіншую каталікоў, а 7-га – праваслаўных. Буду пісаць лісты, бо ў мяне засталося яшчэ некалькі дзясяткаў іх з мінулага Раства – каб закрыць год, мне трэба за некалькі дзён усім адпісаць! Ну і, відаць, малітва, лёгкі святочны стол з таго, што ёсць.

Самае галоўнае ва ўсіх гэтых святах, мне здаецца, – малітва, мір у сэрцы і быць разам з блізкімі. Ну, апошняе, напэўна, тут атрымаецца па тэлефоне. Але ж – дзякуй Богу! Вязні ў турмах не маюць і такой магчымасці. Ні ялінкі, ні званка да хаты”.

Павіншаваць тых, хто за свае перакананні сустрэне святы ў турме, ці проста падтрымаць іх лістом можна па гэтых адрасах.

belsat.eu

Стужка навінаў