Тысяча подпісаў за малы памежны рух з Польшчаю


Он-лайн-збор подпісаў пад петыцыяй за рэалізацыю пагаднення паміж Беларуссю і Польшчай ініцыявалі ў траўні 2012 г. актывісты беларускага хрысціянскага руху на чале з Дзмітрыем Кухлеем, каардынатарам аргкамітэту для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) у Гарадзенскай вобласці.

Петыцыя заклікае Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі пачаць практычныя дзеянні для рэалізацыі пагаднення аб малым памежным руху з Польшчаю. «Усе подпісы пад неабходнымі дакументамі стаяць ужо больш за год, а руху няма», – адзначае прэс-служба БХД.

Аўтары петыцыі «глыбока занепакоеныя зацягваннем урадам рэалізацыі дагавору аб малым памежным руху з Рэспублікай Польшча». «Пагадненне закранае інтарэсы больш як мільёна беларускіх грамадзянаў, якія жывуць на прымежнай беларуска-польскай тэрыторыі», – падкрэсліваюць яны.

«У выніку адкрыцця МПР з Польшчай актывізуецца эканамічнае супрацоўніцтва паміж беларускімі і польскімі рэгіёнамі, ажывяцца кантакты мясцовых уладаў, стануць больш цеснымі сямейныя сувязі грамадзян абедзвюх дзяржаваў. МПР спрыяльна адаб’ецца на павелічэнні даходаў прымежных рэгіёнаў, напаўняльнасці даходнай часткі мясцовых бюджэтаў, развіцці турызму, мадэрнізацыі і выкарыстанні беларускай інфраструктуры», – сказана ў петыцыі.

Польскі бок выступіў з прапановаю падпісаць пагадненне аб мясцовым прымежным руху ў лютым 2008 г. Праз два гады, у лютым 2010-га, дамова была падпісаная міністрамі замежных справаў Беларусі і Польшчы.

У траўні 2010 г. польскі парламент ратыфікаваў гэты дакумент, пасля яго падпісаў кіраўнік дзяржавы Браніслаў Камароўскі. Беларускі парламент ратыфікаваў дамову ў лістападзе таго ж года, а 1 снежня дакумент быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

Тым не менш, беларускі бок так і не прыступіў да рэалізацыі дамоўленасцяў з Польшчаю.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары