Зіма на сметнішчы


Штогод ад абмаражэнняў паміраюць дзясяткі бяздомнікаў. Афіцыйнага ўліку людзей, якія з розным прычынаў вымушаныя ночыць на дварэ, няма, таму ніхто не можа сказаць, колькі з іх праводзяць ночы ў сутарэннях, пад’ездах і на сметніках.

Для шматлікіх менскіх беспрытульнікаў гарадское сметнішча – гэта не толькі месца жыхарства, але і месца працы. Нават узімку, калі слупок тэрмометра трымаецца ніжэй за -10 градусаў, яны працягваюць працаваць і нават не спрабуюць звярнуцца па дапамогу ў дзяржаўныя прытулкі.

Лепш на марозе, чымся ў прытулку

Паводле жыхароў сметнішча, трапіць у дзяржаўны прытулак няпроста. Трэба безліч даведак і дакументаў, якіх у бяздомнікаў, натуральна, няма. Шмат хто трапіў на сметнішча пасля выхаду з турмы, праз алкаголь або азартныя гульні. Для большасці пераезд у прытулак – проста непрымальны. {movie}Жыхары менскага гарадскога сметніка|right|8212{/movie}

«Там проста немагчыма жыць, там і прыціскаюць, пенсію ў пенсіянераў забіраюць. Я вось пайшла, адпрацавала дзень, і навошта мне гэта трэба?» – кажа бяздомніца Кацярына Мароз.

«П’яніцы мы – папрацавалі ды выпілі. Там што-небудзь знайшлі – з’елі», – шчыра прызнаецца другі і дадае, што лепш у такіх умовах, але «на волі».

«На заводзе столькі не заробіш»

Разам з тым, застацца на сметнішчы – свядомы выбар гэтых людзей. Гэта не столькі месца жыхарства, колькі прыбытковае месца працы.

«За дзень атрымоўваецца каля 100 тысячаў. Холадна, але ж трэба працаваць, бо на заводзе столькі не заробіш, колькі тут. У нас дзяўчына была, за год «падняла» 4,5 тыс. баксаў… Праўда, праз тыдзень згарэла. Хто падпаліў – ніхто не ведае», – кажа бяздомніца Вольга Насовіч.

Паводле беспрытульнікаў, апошнія гады ніякай дапамогі ад дзяржавы яны не атрымлівалі. Раней дапамагалі вернікі. Сёлета валанцёры Беларускага Чырвонага Крыжа зладзілі для іх перасоўны пункт абагравання. Галоўны спецыяліст Чырвонага Крыжа ў надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Русакоў спадзяецца, што сёлета ўдасца паставіць печкі на большасць вялікіх сметнішчаў. {movie}Дзмітрый Русакоў пра акцыю Чырвонага крыжа|right|8213{/movie}

«Мінулаю зімою было шмат пацярпелых ад маразоў, яны не былі падрыхтаваныя. Мы зразумелі, што яны тут жывуць, у іх няма печак, і мы будзем гэтае пытанне неяк развязваць», – кажа ён.

Усевалад Шлыкаў
belsat.eu

Стужка навінаў