Настаўнікам абяцаюць павышэнне заробкаў. Коштам “аптымізацыі”


{movie}Маскевіч абяцае павысіць заробкі настаўнікам|left|8205{/movie}У Беларусі запланаваны комплекс захадаў дзеля павышэння заработнай платы педагагічных работнікаў, паведаміў міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. Паводле чыноўніка, налета гэта стане магчымым за кошт “аптымізацыі сеткі ўстановаў адукацыі”, развіцця розных формаў пазабюджэтнай дзейнасці, бюджэтнага падтрымання.

На думку міністра, аптымізацыя сістэмы адукацыі, лакалізацыя рэсурсаў дазволілі б як мінімум на 20 % павялічыць зарплату настаўніка. “Нам не трэба было б рыхтаваць за кошт бюджэту шэсць тысяч педагогаў, а дастаткова было б чатырох тысячаў, – лічыць кіраўнік Мінадукацыі. – Гэта неэфектыўнае ўкладанне рэсурсаў, калі мы спрабуем больш абітурыентаў прыцягнуць на педспецыяльнасці, любою цаною пазбегнуць недабору. У настаўнікі мусіць прыйсці той, хто будзе гарэць у працы”.

Сяргей Маскевіч таксама паведаміў, што плануецца пераўтварыць прафесію настаўніка ў адну з найбольш прэстыжных і заахвоціць найлепшых навучэнцаў школаў паступаць у педагагічныя ВНУ. “Прыняцце новай рэдакцыі правілаў прыёму на мэтавую кантрактную сістэму рыхтавання, – адзначыў Маскевіч, – дазволіць медалістам, лаўрэатам і прызёрам рэспубліканскіх і абласных прадметных алімпіядаў паступаць у педагагічныя ВНУ без усялякага ЦТ. І калі маладыя людзі гэтым правам скарыстаюцца, то да моманту атрымання дыплому аб вышэйшай адукацыі ды кваліфікацыі “настаўнік” гэта будзе адна з самых прэстыжных спецыяльнасцяў”.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў