Удзельнікі канферэнцыі ў Варшаве заклікаюць націснуць на Лукашэнку


У звароце да Еўразвязу ды ўладаў Польшчы прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і сваякі рэпрэсаваных заклікаюць ўжыць у дачыненні ўладаў Беларусі ўсе прадугледжаныя міжнародным правам захады, у тым ліку дыпламатычны, палітычны і эканамічны ціск дзеля вызвалення палітвязняў.

Падчас канферэнцыі “Ваеннае становішча ў Беларусі? Як гэта здарылася і што далей?” выступілі шэраг беларускіх палітыкаў, грамадскія дзеячы, а таксама сваякі арыштаваных нібыта за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Штопраўда, працаўнікі спецслужбаў перашкодзілі прыехаць і выступіць на канферэнцыі жонцы экс-кандыдата Алеся Міхалевіча ды маці палітыка Паўла Севярынца.

Юлія Бандарэнка, дачка зняволенага Змітра Бандарэнкі, што быў даверанаю асобаю Андрэя Саннікава, заклікала міжнародную супольнасць прыкласці ўсе высілкі дзеля вызвалення палітвязняў. Сваякі арыштаваных патрабуюць увесці санкцыі ў дачыненні беларускага рэжыму, пры гэтым Юлія Бандарэнка падкрэсліла, што недапушчальна пераўтвараць палітзняволеных у аб’ект палітычнага гандлю паміж Лукашэнкам і заходнімі краінамі.

Беларускія госці канферэнцыі таксама ўзгадвалі падзеі Плошчы-2010. “Нягледзячы на спробы запужаць, нягледзячы на заявы аб тым, што Плошчы не будзе ды на плынь чорнай прапаганды з дзяржаўных СМІ, людзей прыйшло багата, і настрой быў святочны, – распавядае Уладзімір Колас, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі. – Не было ніякіх п’яных, не было агрэсіўна настроеных людзей. Падзеі ля дому ўраду – гэта правакацыя”.

Адна з удзельніц тых падзеяў узгадала пра неабгрунтавана жорсткія метады беларускіх праваахоўнікаў. “Я была ў авангардзе, у першых шэрагах, калі пачалася першая хваля, першая атака міліцыі на дэманстрантаў, – кажа ўдзельніца акцыі. – Людзі пабеглі, падалі, я таксама ўпала, і на мяне наляцелі міліцыянты з дубінкамі, пачалі біць. У выніку атрымала ператрус мозгу, пазней мне наклалі чатыры швы. Міліцыянты мяне маглі забіць, каб не нейкі мужчына, што засланіў мяне ад іх, а потым занёс да машыны хуткай дапамогі”.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі паведаміў, што сёння ў справе аб арганізацыі ды ўдзеле ў масавых беспарадках праходзяць 43 чалавекі. “Аднак праваахоўнікі заяўляюць, што шукаюць каля 120 актыўных удзельнікаў. Гэта значыць, што менавіта столькі новых палітзняволеных можа неўзабаве з’явіцца ў Беларусі”, – заявіў праваабаронца. Падчас дыскусіі дырэктарка “Белсату” Агнешка Рамашэўская-Гузы звярнула ўвагу на адсутнасць у краінаў Захаду адзінага падыходу да таго, каго лічыць палітвязнем, а каго не. “Мы ў Польшчы добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі, аднак у некаторых іншых еўрапейскіх краінах узнікаюць недарэчныя пытанні: ці сапраўды рэпрэсаваны бралі ўдзел у мірнай дэманстрацыі? Ці не ўжывалі яны гвалту ў дачыненні міліцыі? Для мяне такія пытанні проста абсурдныя, – зазначыла Агнешка Рамашэўская-Гузы. – Аднак на тое мы і тэлебачанне, каб паказаць, што адбываецца насамрэч у Беларусі”. Праваабаронца Алесь Бяляцкі таксама дадаў, што з 1996 года не было ні дня, каб у Беларусі не было палітзняволеных.

belsat.eu

Стужка навінаў