Мінэнерга Расеі зняпраўджвае заявы Лукашэнкі пра імпарт нафты


Інфармацыя, што Беларусі і Расеі ўдалося дасягнуць дамоўленасці пра імпарт 23 млн т расейскай нафты ў нашую краіну ў 2013 годзе, – не адпавядае рэчаіснасці. Пагадненне пра аб’ём продажу не падпісанае, зазначаецца ў заяве, размешчанай на сайце Міністэрства энергетыкі Расеі.

21 снежня на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі ў Менску Лукашэнка паведаміў, што Беларусь і Расея дамовіліся аб продажы нафты ў 2013 годзе аб’ёмам 23 млн т.

«Мы з Расеяй праводзілі перамовы. Яны ж 18,5 млн т прапаноўвалі, мы хацелі 23 млн т. Мы з расейцамі, праўда, дамовіліся на імпарт 23 млн т нафты», – запэўніў прэзідэнт.

Мінэнерга РФ, у сваю чаргу, адзначае, што прапанова Расеі экспартаваць у Беларусь 18,5 млн т нафты ў наступным годзе застаецца актуальнаю.

Раней віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч заяўляў, што аб’ёмы продажу абмяркоўваюцца ў звязку з вырашэннем праблемы экспарту беларускім бокам разбаўляльнікаў. Расейскі бок неаднаразова выказваў занепакоенасць з таго, што Беларусь магла экспартаваць нафтапрадукты пад выглядам разбаўляльнікаў і растваральнікаў, каб пазбегчы выплаты экспартавых мытаў у бюджэт РФ.

Лукашэнка, са свайго боку, заўважае, што пытанне экспарту разбаўляльнікаў не перашкаджае падпісанню нафтавых дамоваў з РФ на 2013 год. 11 снежня ён заявіў, што разлічвае падпісаць адпаведны дакумент на імпарт нафты найбліжэйшымі тыднямі.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў