Таццяна Севярынец: Мы небяспечныя для ўлады, як сведкі падзеяў


Каб маці Паўла Севярынца не даехала да Варшавы, у яе забралі пашпарт.

Таццяна Севярынец мелася сёння выступіць у польскім Сейме на канферэнцыі, прысвечанай апошнім падзеям у Беларусі. Аднак учора, за гадзіну да адыходу цягніка Менск–Варшава, яе тэрмінова адвезлі на допыт да следчага КДБ Санько, які вядзе справу ейнага сына Паўла. Пасля спадарыні Таццяне “забыліся” вярнуць пашпарт.

Як распавяла “Белсату” маці арыштаванага, калі яна выходзіла з будынку КДБ, адзін з працаўнікоў раптам пацягнуў яе да ліфта і стаў казаць, што трэба паразмаўляць. Маўляў, у яго ёсць прапанова, і калі яна адмовіцца, дык вельмі пашкадуе.

Таццяна Севярынец вырвалася і збегла, толькі на вуліцы яна зразумела, што ёй так і не аддалі пашпарта. Спробы вярнуць дакумент тым жа вечарам былі марныя. Пашпарт вярнулі толькі сёння, і тое пасля таго, як Таццяна Севярынец напісала скаргу, што яго скралі працаўнікі КДБ. “Яны вельмі прасілі, каб я забрала скаргу, маўляў, мы ж вам яго аддалі, але я адмовілася, няхай цяпер разбіраюцца, што за вар’яты працуюць у гэтай канторы”, – абураецца спадарыня Севярынец.

У сваім выступе ў Варшаве яна збіралася распавесці пра становішча, у якім аказаліся затрыманыя ды іхныя сваякі, і пра тое, што ўсе заявы кіраўніцтва Беларусі пра добрыя ўмовы ўтрымання зняволеных, – гэта хлусня.

“Апошні раз адвакат бачыў майго сына яшчэ да Новага года. Я нічога не ведаю пра стан ягонага здароўя, перадачы для яго не прымаюць, лісты яму і ад яго не даходзяць”, – распавядае Таццяна Севярынец. Яна мяркуе, што Павал працуе ў турме над кнігаю, бо, як стала вядома, ён папрасіў перадаць яму паболей алоўкаў і паперы.

belsat.eu

Стужка навінаў