Чэшскі міністр запытаў Макея пра палітвязняў


Падчас тэлефоннай размовы міністры замежных справаў Беларусі і Чэхіі Уладзімір Макей і Карэл Шварцэнбэрг абмеркавалі тэму палітвязняў, паведаміла прэс-служба чэшскага МЗС.

Размова кіраўнікоў вонкавапалітычных ведамстваў адбылася 17 снежня з нагоды 20-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Чэхіяй. Міністры абмеркавалі адносіны Беларусі з Еўрапейскім Звязам і шляхі іх нармалізацыі. Размова адбылася з ініцыятывы чэшскага боку.

Паводле паведамлення прэс-службы МЗС Чэхіі, міністр Карэл Шварцэнбэрг сказаў Макею, што Чэхія зацікаўленая ў супрацы з Беларуссю ў межах «Усходняга партнёрства». Шварцэнбэрг згадаў таксама пра палітычных вязняў, вызваленне і рэабілітацыя якіх ёсць галоўнай умоваю нармалізацыі адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Еўразвязам. Падчас размовы кіраўнікоў беларускага і чэшскага МЗС абодва бакі выказалі зацікаўленасць ва ўмацаванні чэшска-беларускіх адносінаў і дачыненняў паміж ЕЗ ды Беларуссю нягледзячы на розніцу ў поглядах.

Як мяркуюць аналітыкі, кантакты Еўразвязу з Менскам азначаюць, што бакі спрабуюць знайсці шляхі развязання ненармальнай сітуацыі, якая склалася ў адносінах Беларусі і ЕЗ пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 г. Разам з тым палітолагі не бачаць прыкметаў таго, што беларускі бок гатовы пайсці на саступкі Еўропе, вызваліўшы палітвязняў.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў