Алесь Бяляцкі ў калоніі пабачыўся з жонкаю праз шкло


У калоніі № 2 Бабруйску адбылася кароткатэрміновая сустрэча палітычнага вязня Алеся Бяляцкага і ягонай жонкі Наталлі Пінчук.

Паводле спадарыні Пінчук, спатканне доўжылася каля дзвюх гадзінаў, цягам якіх муж ды жонка размаўлялі пра сямейныя справы і сяброў. «Алесь расказаў, што пачуваецца нармальна, настроены роўна. Але размаўлялі мы праз шкло па тэлефоне, размова праслухоўвалася», – адзначыла жонка зняволенага праваабаронцы.

Яна паведаміла, што апошні раз бачылася з мужам 18 траўня на доўгатэрміновым спатканні. Дзве наступныя сустрэчы былі адмененыя. Чарговы візіт у калонію можа адбыцца не раней як праз чатыры месяцы.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідар ліквідаванага беларускімі ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне паводле прысуду за ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйных памерах. Суд пакараў Бяляцкага 4,5 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Падставаю для крымінальнага пераследу Бяляцкага паслужыла наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія на іх пераводзіліся, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў узяты пад увагу і той факт, што шкода, нібыта нанесеная Бяляцкім дзяржаве, была цалкам пакрытая за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзянаў.

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары