Берасцейскія чыноўнікі супраць «Кроку ў Еўропу»


Берасцейскі гарвыканкам забараніў пікеты, удзельнікі якіх мелі намер выступіць за найхутчэйшую рэалізацыю пагаднення аб малым прымежным руху з Польшчаю.

Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» планавалі правесці тры пікеты ў цэнтры гораду, на праспекце Машэрава каля ЦУМу. Падчас акцыяў планавалася збіраць подпісы пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, каб яны спрыялі ўвядзенню малога прымежнага руху з Польшчаю. Такі дакумент будзе адпраўлены Віктару Валюшыцкаму, Уладзіміру Базанаву, Ларысе Багдановіч, Валянціну Мілашэўскаму, Уладзіміру Пузырэўскаму і Аляксандру Юркевічу, чые акругі ўваходзяць у 50-кіламетровую прымежную тэрыторыю.

«У атрыманым мною з Берасцейскага гарвыканкаму адказе гаворыцца: правядзенне пікетаў забароненае на той падставе, што яны плануюцца не ў вызначаным для такіх мерапрыемстваў месцы, – распавядае адзін з заяўнікаў акцыі Ігар Маслоўскі. – Але збіраць подпісы на стадыёне «Лакаматыў» і на пляцоўцы каля сцэны ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў, вызначаных гарвыканкамам для правядзення масавых мерапрыемстваў, бессэнсоўна. Там практычна не бывае людзей, тым больш зімою. А вось на пляцоўцы каля ЦУМу заўсёды шматлюдна. Дарэчы, акурат каля гэтага гандлёвага аб’екту сёлета падчас парламенцкай выбарчай кампаніі мы дастаткова часта праводзілі свае перадвыбарныя пікеты. І нікому не перашкаджалі».

Маслоўскі ўдакладніў, што збор подпісаў пад зваротам да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў пачаты 8 лістапада. За гэты час свае подпісы паставілі больш як 700 жыхароў абласнога цэнтру.

Гэтая праца ёсць працягам праграмы «Крок у Еўропу», якую ажыццяўляюць берасцейскія актывісты кампаніі «Гавары праўду!».

Паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары