МВФ заклікае Нацыянальны банк і ўрад «не разнявольвацца»


На думку дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду, пастаўленыя ўладамі празмерна высокія мэтавыя паказнікі эканамічнага росту могуць аслабіць стан плацежнага балансу, падштурхнуць інфляцыю і стварыць пагрозу для ўстойлівасці даўгавой сітуацыі.

Улады Беларусі аслабілі грашова-крэдытную палітыку і дапусцілі паскораны рост заробку, што, у сукупнасці з планамі паскоранага росту ВУП, можа прывесці да аслаблення плацежнага балансу ды ўзмацнення інфляцыі і дэстабілізаваць даўгавую сітуацыю. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні МВФ па выніках абмеркавання эканамічнай сітуацыі ў Беларусі.

Як зазначае МВФ, пасля леташняга сур’ёзнага крызісу плацежнага балансу ў першай палове 2012 года эканоміка Беларусі стабілізавалася. Гэта адбылося ў выніку ўзмацнення ўладамі эканамічнай палітыкі ў канцы 2011 года, дзякуючы чаму ўдалося знізіць інфляцыю і дамагчыся стабілізацыі валютнага рынку.

«Аднак пры спрыяльных умовах першай паловы года адбылося хуткае аслабленне грашова-крэдытнай палітыкі, нягледзячы на чаканні высокай інфляцыі, і рэальны заробак рос значна хутчэй за прадукцыйнасць», – зазначаецца ў паведамленні.

Як нагадвае МВФ, улады Беларусі заявілі пра сваю рашучасць знізіць у 2013 годзе інфляцыю да 12 %, палепшыць сальда плацежнага балансу і павялічыць рэзервы. Аднак пры гэтым яны аб’весцілі прагнозны паказнік прыросту ВУП на 8,5 %, што немагчыма спалучыць з заяўленымі мэтамі.

«Праз узмацненне рызык для эканамічных перспектываў» Выканаўчая рада дырэктараў МВФ рэкамендавала Нацыянальнаму банку Беларусі без прамаруджвання зрабіць курс грашова-крэдытнай палітыкі ды ўмовы ліквіднасці больш жорсткімі.

Дырэктары МВФ адзначылі зацікаўленасць уладаў у магчымай новай дамоўленасці з фондам. Яны прызналі, што «ўмоваю заключэння такой дамоўленасці мусіць быць цвёрдая прыхільнасць уладаў да рэалізацыі комплекснага і паслядоўнага пакету палітычных захадаў і структурных рэформаў».

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў