Санта-Клаус заклікаў палітычных лідараў змагацца за мір у 2013 годзе


https://youtu.be/dygak1Wwp70
Фінскі Санта, Ёўлупукі, ужо запакоўвае апошнія падарункі, эльфы падрыхтавалі чароўныя сані, але перад сваім самым цяжкім працоўным днём ён знайшоў час звярнуцца не толькі да ўсіх тых, хто чакае падарункаў, але і да сусветных лідараў.

«Ну, вось і ўсё. Чарговы год сканчаецца. Гэты год быў няпросты, эканамічныя праблемы па ўсім свеце. Але я вельмі цешуся, што бацькі не забываюцца дарыць радасць дзеткам. Гэта быў таксама неспакойны год – процьма праблемаў па ўсім свеце, і маё галоўнае жаданне – мір ува ўсім свеце – яшчэ не збылося. Але я гляджу ў будучыню з аптымізмам і заклікаю сусветных лідараў працаваць над гэтым. Спадзяюся, вы ўсе зможаце правесці Каляды са сваімі блізкімі, знойдзеце час для таго, каб дапамагчы іншым. Трымайцеся! Любоў – вось галоўнае ў жыцці. Зычу вам усім вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага года!» – сказаў Санта Клаўс. {movie}Зварот Санта Клаўса|right|8161{/movie}

Тым часам у ягоным асабістым паштовым офісе ў горадзе Рованьемі эльфы не маюць ні хвіліны вольнага часу, намагаючыся адказаць на ўсе лісты і выканаць пажаданні дзяцей. Што праўда, у добрай траціне ўсіх лістоў просяць не падарункаў, а распавесці пра жыццё і працу Санта-Клауса і эльфаў.

«Санта-Клаус атрымаў пакуль што 280 тыс. лістоў з усяго свету, а штогод іх лічба сягае прыкладна паўмільёна. І ўсе эльфы стараюцца, каб усе пажаданні дайшлі да Санты», – кажа эльфійка Эліна, якая адказвае за размеркаванне пошты.

Санта ўжо выпрабаваў свае сані, хутка яго чакае бяссонная ноч, цягам якой ён даставіць падарункі па ўсім свеце. Ніхто дакладна не ведае, якім чынам ён забяспечвае дастаўку на ўсіх сямі кантынентах цягам некалькіх гадзінаў. Свой сакрэт Санта раскрывае толькі самым малым і цікаўным наведнікам, якія не спяшаюцца інфармаваць пра гэта грамадскасць.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары