Пуцін: Чуткі пра дрэннае здароўе выгадныя палітычным апанентам


Пра гэта расейскі прэзідэнт заявіў на прэс-канферэнцыі ў Маскве

«Гэта выгадна палітычным апанентам, якія імкнуцца паставіць пад сумнеў легітымнасць або дзеяздольнасць улады. На пытанне пра здароўе магу адказаць традыцыйна: не дачакаецеся», – цытуюць Пуціна «РИА Новости».

Чуткі аб праблемах са здароўем у Пуціна пачалі распаўсюджвацца ў верасні, калі заўважылі ягоную кульгавасць на саміце АТЭС ва Уладзівастоку. Падчас іншых з’яўленняў на публіцы ён сядзеў, нахіліўшыся наперад і абапіраючыся на правую руку. Напрыканцы кастрычніка тры крыніцы ва ўрадзе РФ паведамілі агенцтву «Reuters», што ў прэзідэнта праблемы са спіною. Шэраг візітаў, якія чакаліся ў гэты час, у тым ліку паездка ў Індыю, так і не былі анансаваныя Крамлём, адзначала агенцтва.

Аб праблемах са здароўем у прэзідэнта Расеі распавёў і Аляксандр Лукашэнка. На пытанне, ці гуляе ён у хакей з Пуціным, Лукашэнка адказаў: «Ён [Пуцін] кажа мне: «Мы яшчэ не гатовыя гуляць з тваёй камандаю». Ён пашкодзіў хрыбетнік недзе. У барацьбе. Змагаўся на дыване і пашкодзіў хрыбетнік».

Прэс-служба Крамля неаднаразова абвяргала чуткі пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у Пуціна. Неўзабаве пасля выказванняў Лукашэнкі прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў у інтэрв’ю газеце «Комсомольская правда» заявіў: Пуцін займаецца спортам у звычайным рэжыме, чуткі пра хворую спіну не перашкаджаюць ягонай працаздольнасці. «Сам ён, яшчэ раз паўтараю, як працаваў, так і працуе, і мае намер далей працаваць у тым жа тэмпе. Пры гэтым не мае намеру кідаць свае спартовыя справы, і таму, як у любога спартоўца, у яго, можа быць, і спіна там крыху забаліць, і рука, і нага – гэта ніколі не перашкаджала ягонай працаздольнасці», – падкрэсліў прэс-сакратар.

belsat.eu

Стужка навінаў