Жонку Міхалевіча не пусцілі за мяжу


Аўтамабіль з Міланаю Міхалевіч спынілі працаўнікі КДБ і заявілі, што ёй забаронены выезд за межы Беларусі.

Мілана Міхалевіч накіроўвалася ў Варшаву, каб узяць удзел у сённяшняй канферэнцыі аб Беларусі ў Сейме Польшчы.

Агенцыя БелаПАН, спасылаючыся на намесніка старшыні руху “За Свабоду” Юрыя Губарэвіча, паведамляе, што не пусціць Мілану Міхалевіч за мяжу службоўцы КДБ спрабавалі падчас учорашняга ператрусу ў кватэры Міхалевічаў. “Было адразу бачна, што пяцёра працаўнікоў КДБ, што праводзілі вобшук, маюць намер зацягнуць яго дзеля таго, каб Мілана не паспела на цягнік да Варшавы. Вобшук цягнуўся да 21-й гадзіны. Як толькі працаўнікі КДБ зразумелі, што Мілана на цягнік не паспее, вобшук спынілі”, – паведаміў Юрась Губарэвіч, які быў за панятога.

Працаўнікі КДБ сканфіскавалі паперы, што належаць Алесю Міхалевічу, ягоныя нататнікі, візітоўкі.

“Мы з Міланаю вырашылі ехаць у Варшаву на машыне, – кажа Юрый Губарэвіч. – Адразу пасля выезду нас суправаджала некалькі аўтаў. Каля Баранавічаў нас спынілі працаўнікі ДАІ, з якімі былі людзі ў цывільным. Адзін з іх паказаў мне пасведчанне працаўніка КДБ і заявіў, што ў яго ёсць інфармацыя, пра тое што ў мяне ў машыне знаходзіцца Мілана Міхалевіч”.

Працаўнікі КДБ заявілі Мілане, што ёй забаронены выезд з Беларусі, і ў выпадку, калі яна працягне падарожжа ў Варшаву, яе не выпусцяць за мяжу. Машыну з Міланаю Міхалевіч пераследавалі да Менску.

Нагадаем, учора стала вядома, што з ізалятару КДБ да жонкі званіў Алесь Міхалевіч. Ён паведаміў жонцы, што калі яна адмовіцца ад паездак і выступаў, то ёй дадуць магчымасць пачуць мужа яшчэ раз цягам тыдня. Мілана размаўляла з мужам два разы. “Алесь прасіў мяне адмовіцца ад паездак у Брусель і Варшаву і не выступаць там. Голас быў яго, але зусім не ягоная манера размаўляць. Прынамсі, ён гаварыў не так, як гаворыць звычайна, калі мяне аб чымсьці просіць. Таму я думаю, што яму загадалі патэлефанаваць і паведамілі, што гаварыць”, – сказала Мілана.

“Алесь не адказаў на шматлікія мае пытанні. Сказаў толькі, што на здароўе не скардзіцца. На маё пытанне аб тым, што яму будзе, калі я не выканаю ягонай просьбы, ён адказаў, што горш, чым ёсць, яму ўжо нічога не зробяць”, – паведаміла жонка палітыка.

belsat.eu

Стужка навінаў