Дырэктар "Аўтарадыё" аспрэчыць рашэнне аб спыненні вяшчання


Кіраўнік “Аўтарадыё” Юрый Базан нязгодны з рашэннем аб прыпыненні трансляцыі радыёстанцыі.

Эфір “Аўтарадыё” спыніўся ўчора на загад Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, прычынаю спынення трансляцыі стала распаўсюджванне ў эфіры інфармацыі, “якая ўтрымлівае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Канкрэтнай інфармацыі пра тое, якія гучалі заклікі, у рашэнні няма. Як зазначылі ў рэдакцыі, у агітацыйных матэрыялах Саннікава была фраза: “Лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы”. “Ці можна гэтую фразу расцэньваць як заклік да экстрэмісцкіх дзеянняў, я не ведаю”, – сказаў Юрый Базан.

Кіраўнік “Аўтарадыё” не выключае, што ў ягоную рэдакцыю, як і ў іншыя беларускія недзяржаўныя медыі, могуць прыйсці з вобшукам. Юрый Базан паведаміў, што цяпер рыхтуецца пазоў у Вышэйшы гаспадарчы суд аб прызнанні рашэння Камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні несапраўдным. “Цяпер гэта першачарговая задача. Трэба падрыхтаваць дакументы для таго, каб абараніць свае правы і вярнуць радыё ў эфір”, – дадаў кіраўнік “Аўтарадыё”.

belsat.eu

Стужка навінаў