Беларускія і літоўскія мытнікі будуць змагацца з чэргамі разам


Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі (ДМК) Аляксандр Шпілеўскі ды генеральны дырэктар Мытнага дэпартаменту пры Міністэрстве фінансаў Літвы Антанас Шыпавічус 20 снежня правядуць працоўную сустрэчу ў пункце пропуску «Каменны Лог» / «Меднікі» (Medininkai).

Як паведамляе прэс-служба ДМК, падчас сустрэчы бакі маюць абмеркаваць, як змагацца з вялізнымі чэргамі на беларуска-літоўскім кірунку, як аптымізаваць і паскорыць мытныя аперацыі, у тым ліку з выкарыстаннем сістэмы папярэдняга электроннага інфармавання.

Плануецца азнаёміцца з перспектывамі ўкаранення інфармацыйнай сістэмы кіравання чаргою аўтамабільнага транспарту, што мяркуецца зрабіць на літоўска-беларускай мяжы ў пункце пропуску «Меднікі» ў другой палове 2013 года.

Кіраўнікі мытных ведамстваў таксама плануюць разгледзець праект мемарандуму аб намерах паміж ДМК і Мытным дэпартаментам Літвы ў пытаннях узаемадзеяння на перыяд правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі з шайбаю ў 2014 годзе.

Адкуль чэргі?

Беларуска-літоўская мяжа не першы дзень застаецца праблемнаю зонаю. Сітуацыя абвастрылася 5 снежня, калі ў чарзе налічвалася больш за 600 цяжкавікоў.

Гэта здарылася пасля таго, як паводле падазрэння ў атрыманні хабару былі затрыманыя 29 літоўскіх мытнікаў. Паводле Мытнага дэпартаменту Літвы, некаторыя працаўнікі пункту пропуску бралі з кіроўцаў цяжкавікоў хабар памерам 20–40 літаў. Калі мытнік фіксаваў парушэнне, рэальнае ці ўяўнае, то плата была яшчэ вышэйшаю.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў