«Беларусьфільм» хоча зарабляць на расейскім гледачу


{movie}Алег Сільвановіч: Немагчыма зарабіць на беларускім гледачу|left|8123{/movie}Выхад на беларускага гледача для айчыннага вытворцы – «праблема». На сваёй прадукцыі «Беларусьфільм» зарабіць на радзіме не можа.

«Выпуск беларускага кантэнту ў беларускі кінапракат – гэта пытанне прысутнасці на рынку і прэстыжу, але не эканамічнай выгады. Эканамічны сэнс для «Беларусьфільму» ўяўляе праца на чужы рынак, перш за ўсё – на расейскі», – заявіў генеральны дырэктар «Беларусьфільму» Алег Сільвановіч.

На думку адмыслоўцы, супраца з расейскімі калегамі дазваляе кінастудыі атрымліваць фінансы, якія потым можна «ўкласці ў праекты нацыянальна-мастацкага значэння». Ён распавёў, што ўласныя сродкі кінакампанія летась інвеставала ў фільм «У тумане», які прынёс заслужаныя ўзнагароды.

«Аднак «У тумане» – не самы прывабны кавалачак для беларускага кінапракату, які працуе як пляцоўка прасоўвання амерыканскага кінематографу з усімі наступствамі. Але фільм выйдзе абавязкова», – падкрэсліў Сільвановіч.

Работу з расейскімі тэлеканаламі кіраўнік кінастудыі лічыць больш выгаднаю з фінансавага гледзішча. За прэм’ерны кінапаказ у Расеі, паведаміў Сільвановіч, можна атрымаць да $ 1 млн, тады як у Беларусі – каля Br 10 млн.

Таксама кіраўнік «Беларусьфільму» распавёў аб праектах кінакампаніі, на якія яна робіць стаўку ў 2013 годзе.

«Перш за ўсё гэта фільм «Роля» рэжысёра Канстанціна Лапушанскага, прэс-паказ якога адбудзецца ў студзені 2013 года. Таксама падзеяй абяцае стаць фільм «Я не вярнуся» Ільмара Рааґа (Ilmar Raag) і агульны з Казахстанам праект «Маці». З дакументальных фільмаў рэкамендую паглядзець карціну «Беларусь – чатыры гады вайны». Гэта хроніка франтавых кінааператараў працягласцю 80 хвілінаў – унікальныя кадры, якія раней не дэманстраваліся», – адзначыў Сільвановіч.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў