Камунальнікі будуць выпускаць прадукцыю на экспарт


Улады Менску хочуць стварыць на базе ЖРЭА прыватныя прадпрыемствы.

Паводле задумы Менгарвыканкаму, прыватныя прадпрыемствы маюць выпускаць прадукцыю, якою не толькі заменяць імпарт, але якую адправяць на экспарт. “Гэта будуць запатрабаваныя тавары ў сферы рамонту і штукавання новых дамоў: дзверы, вокны, запорная арматура і г. д.”, – заявіў на сустрэчы з журналістамі намеснік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Васільеў.

Ён мяркуе, што дзякуючы такім захадам можна эканоміць і ствараць працоўныя месцы. Праўда, якія з пералічаных вырабаў вытрымаюць канкурэнцыю на вонкавых рынках, назваць не змог.

Эксперты адзначаюць, што прыватныя прадпрыемствы пры ЖРЭА могуць стварыць несумленную канкурэнцыю для сённяшніх бізнесоўцаў. “Хутчэй за ўсё, рэгістрацыя будзе ажыццяўляцца паводле спрошчаных схемаў, бо ЖРЭА – дзяржаўныя арганізацыі. Да таго ж, ужо вядома, што прадукцыю па разнарадцы будуць выкарыстоўваць падчас капітальнага рамонту старых дамоў і штукавання новых”, – мяркуе старшыня Таварыства ўласнікаў “Агмень” Генадзь Калёнаў.

Першыя прыватныя прадпрыемствы пры ЖРЭА плануюць стварыць да канца 2011 года.

belsat.eu

Стужка навінаў