Аляксандр Мілінкевіч: Дыялог Еўразвязу з урадам Беларусі змяніў настроі грамадства


Захад не змог зрабіць дэмакрата з Лукашэнкі, затое зрабіў з беларусаў еўрапейцаў, кажа палітык.

Аляксандр Мілінкевіч заявіў пра гэта, выступаючы падчас дыскусіі аб Беларусі, якая адбылася ў Еўрапарламенце 12 студзеня. “Можна казаць, дыялог неэфектыўны, дыялог праваліўся, Лукашэнка не стаў дэмакратам. Гэта асобная дыскусія. Але тое, што адбылося за 3 гады дыялогу ў грамадстве, – гэта вялізнае дасягненне. Амаль палова беларусаў сёння – цвёрдыя еўрааптымісты. Толькі 10% хочуць у Савецкі Саюз, ва Украіне – утрая болей”, – падкрэсліў лідар руху “За Свабоду”.

Гэтым палітык тлумачыць і жорсткую рэакцыю ўладаў на акцыю пратэстаў 19 снежня: “Думаю, улада выявіла, што яна не мае такога падтрымання, як раней, пратэставыя настроі ў краіне пашырыліся”.

Аляксандр Мілінкевіч выступае за ўсе магчымыя захады палітычнага, дыпламатычнага, эканамічнага ціску на рэжым з боку Еўразвязу, а галоўным патрабаваннем называе вызваленне палітвязняў.

Аднак ён заўважае, што палітыка мае ажыццяўлялася на двух узроўнях: “Калі мяне пытаюць, якая санкцыя – самая эфектыўная, я адказваю: найлепш супраць таталітарных рэжымаў дзейнічае шырокае падтрыманне грамадзянскай супольнасці. […] Лукашэнка, калі вы выкарыстаеце супраць яго жорсткія санкцыі, будзе гаварыць па сваім тэлебачанні, што ў Еўропе нас не чакаюць. А мы мусім паказаць, што чакаюць, толькі чакаюць не рэжым, а простых людзей”.

belsat.eu

Стужка навінаў