Аляксандр Класкоўскі: Калі ЕЗ адменіць візы з Расеяй, Беларусь будзе чорнаю дзіркаю


Акцыя «Падтрымай адмену шэнгенскай візы!», якую 11 снежня абвесціў расейскі часопіс «Euromag», на сёння знайшла ўжо больш за 18 тыс. салідарных. У той час як арганізатары мелі намер сабраць усяго 10 тыс. прыхільнікаў на галасаванні ў «Facebook’у», столькі аматараў бязвізавага рэжыму знайшлося за першыя ж два дні.

Гэткім чынам, да 21 снежня, калі заяўнікі акцыі плануюць наведаць прадстаўніцтва ЕЗ у Маскве, прыхільнікі адмены з візавага рэжыму будуць мець на сваім баку каля 40 тыс. галасоў.

Беларускія грамадскія арганізацыі падобныя акцыі праводзілі ўжо неаднойчы. Але ці зможа менавіта гэтая неяк паўплываць на вынік саміту? Пра гэта «Белсату» распавёў палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

«Цяжка сказаць, ці будзе мець яна нейкі непасрэдны эфект. Аднак у выпадку Расеі відавочна, што самое кіраўніцтва на ўзроўні Уладзіміра Пуціна намагаецца зняць візавыя бар’еры і ўвогуле імкнецца да болей шчыльнай супрацы з Еўразвязам. На гэтым тле сённяшняя вайна афіцыйнага Менску супраць ЕЗ выглядае ірацыянальнаю, бо нават Маскве, па вялікім рахунку, гэта не трэба. Несумненна, рэжым вырашае свае лакальныя праблемы. Чаму, напрыклад, не запускаюцца нават дамовы пра малы прымежны рух з Літвою і Польшчаю? Бо выгадна трымаць народ у ізаляцыі: ён меней ведае, як сапраўды жыве Еўропа», – мяркуе суразмоўца.

Рассабачыцца і з Бруселем, і з Масквою

А ў якім становішчы апынецца Беларусь, калі ЕЗ сапраўды адменіць візы для грамадзянаў Расеі?

«У плане перспектываў Беларусі палітыка вайны недальнабачная, бо ў выніку ўлады не проста рассабачацца яшчэ болей з ЕЗ, але сустрэнуць непаразуменне і на ўсходзе, – прагназуе эксперт. – Бо Расея, хоць і са скрыгатаннем, але хоча ўсё ж пашырыць кантакты з Еўропаю, нават праз сваю еўразійскую інтэграцыю. Нават пракламуецца лозунг інтэграцыі ад Лісабону да Уладзівастоку. Вядома, на сёння ён гучыць занадта нерэальна, як нейкі пражэкт. Але, па вялікім рахунку, калі рэзюмаваць, сённяшняя тупая вайна Менску з Еўропаю выглядае бесперспектыўнаю і ў дачыненні да ЕЗ, і да Расеі».

Паводле Аляксандра Класкоўскага, пытанне адмены візавага рэжыму паміж РФ і Еўразвязам не так хутка развяжацца, як таго хацелася б расейскаму боку. «У Еўропы шмат засцярогаў: Расея – краіна недэмакратычная, ёсць пытанні нелегальнай міграцыі, арганізаванай злачыннасці. Аднак перспектыва такая ёсць. І тады Беларусь правісае! Нашая краіна з яе сённяшнім рэжымам, нежаданнем паляпшаць дачыненні з Еўропаю сапраўды будзе чорнаю дзіркаю. І рэжым раней ці пазней прайграе нават у пі-араўскім сэнсе. Бо нават апалітычныя беларусы пачнуць абурацца, калі ўбачаць, што расейцы спакойна ездзяць у Еўропу, не стаяць у чэргах, не ламаюць галавы, як хутчэй атрымаць гэтую візу. І гэта будзе чыннікам ціску на беларускі ўрад. Таму ў перспектыве такая пазіцыя Расеі дае дадатковыя шанцы, што беларускае кіраўніцтва ўсё-ткі будзе праводзіць болей разумную лінію ў дачыненні да Бруселю», – спадзяецца палітолаг.

Бязвізавы рэжым нясе рызыку Еўразвязу

Сама адмена візавага рэжыму прынесла б абодвум бакам значныя плюсы, але ёсць і мінусы.

«Чаму ў Бруселі не так добра вырашаюцца пытанні, што датычаць даступнасці Еўразвязу да беларусаў? Тут ёсць інертнасць еўрапейскіх краінаў, якія засцерагаюцца плыні эмігрантаў і нелегалаў з усходу. І не спяшаюцца здымаць пэўныя бар’еры. Некаторыя крокі ЕЗ мог бы рабіць і ў аднабаковым парадку: хаця б зніжаць кошт візаў на першым этапе. Аднак яны не рвуцца гэта рабіць. Таму для Еўропы ёсць відавочныя мінусы ў тым, што бязвізавы рэжым нясе дадатковую рызыку. А еўрапейскія бюргеры хочуць жыць спакойна і не мець клопатаў праз тое, што хлынуць нейкія падазроныя, незразумелыя і нават злачынныя элементы. Гэтага баяцца еўрапейскія абывацелі і, адпаведна, палітыкі, бо іх рэальна выбіраюць або не выбіраюць. Таму палітыкі гэта ўлічваюць, хоць не заўсёды пракламуюць», – зазначыў палітолаг.

Што да беларускіх грамадзянаў, тут амаль суцэльныя плюсы: захацеў – паехаў ці зарабіць грошай, ці проста як турыст, ці ў шоп-тур. «А вось для ўладаў, безумоўна, гэта можа быць дадатковым вымываннем працоўнай сілы і зніжэннем лаяльнасці электарату. Бо, калі чалавек не ездзіць і не бачыць, як жыве Еўропа, ён болей схільны верыць тым прапагандысцкім тэзам, якія гучаць з скрыняў дзяржаўных тэлеканалаў. А калі бачыць, што Еўропа іншая, не такая страшная, разваленая і крызісная, як нам тут распавядаюць, а ўзровень жыцця там вышэйшы і рэальна працуе дэмакратыя, то будзе больш крытычна глядзець на ўладу. Груба кажучы, адчыні межы – і народ стане болей непаслухмяны. А ўладзе, вядома, гэта не трэба», – дадаў Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў