Газета “Знамя Юности” падала ў суд на былога працаўніка


Рэдакцыя хоча, каб ён за свае грошы надрукаваў абвяржэнне ў газеце.

Рэдакцыя газеты “Знамя Юности” падала ў суд на былога працаўніка за абразу гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Нагадаем, што Алесю Леўчуку, які быў карэспандэнтам па Берасцейскай вобласці, пісьмова прапанавалі падаць заяву аб звальненні “на ўласнае жаданне”.

Гэта адбылося пасля таго, як журналіст адмовіўся пісаць толькі станоўчыя артыкулы аб прэзідэнцкіх выбарах і адмоўныя – пра ўдзельнікаў мітынгу 19 снежня. Ён распавёў пра гэта ў сваім блогу, а таксама даў інтэрв’ю радыё “Свабода”.

Паводле Леўчука, за 4 месяцы ягонай працы ў газеце нараканняў на яго не было. Тым не менш, у судовай позве галоўны рэдактар піша, што кіраўніцтва прыйшло да высновы: прафесійны ўзровень журналіста не адпавядае ўзроўню выдання. З гэтай прычыны, чытаем далей, 27 снежня яго выклікалі на паседжанне рэдкалегіі, на якое ён не прыехаў. Сам Ляўчук кажа, што ніякіх дакументаў з патрабаваннем прысутнічаць на паседжанні ён не атрымліваў.

Далей у позве гаворыцца, што журналіст абразіў гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю “Знамя Юности”, распавёўшы ў блогу і ў інтэрв’ю, што яго звольнілі праз палітычныя прычыны. Гэтыя паведамленні перадрукавалі інтэрнэт-рэсурсы “Белорусский партизан” і “Хартия’97”. Вынікам, паводле рэдактара, стала “фармаванне ў неакрэсленага кола адмоўнага меркавання адносна газеты “Знамя Юности”.

У позве рэдакцыя газеты патрабуе, каб былы карэспандэнт за ўласныя грошы ад свайго імя змясціў на старонках “Знамя Юности” тэкст абвяржэння, напісаны кіраўніцтвам.

belsat.eu

Стужка навінаў