Паляцелі галовы і ў «Беллегпраме»


Лукашэнка: гэта апошні званок Мясніковічу.

Аляксандр Лукашэнка прыехаў на менскае прадпрыемства “Камволь”, звольніў кіраўніцу Святлану Стрыжак, а таксама генеральнага дырэктара канцэрну “Беллегпрам” Генадзя Вырка і ягонага намесніка.

Лукашэнка абвінаваціў намесніка старшыні “Беллегпрама” Андрэя Мытніка, які раней кіраваў “Камволем”, ў тым, што ён не прымае ніякіх рашэнняў і замінае працаваць іншым. “У яго рукі дрыжаць, ён баіцца ўсіх, а сваім падначаленым забараняе да кіраўніка заходзіць нават: не лезьце, не ідзіце. ён нават не чытае дакументы, просіць сваіх падначаленых: вы мне птушачкі пастаўце, дзе я павінен пачытаць”.

Кіраўнік жа канцэрну аказаўся вінаватым у тым, што зрабіў Мытніка, які на “Камволі” “праваліў усё”, сваім намеснікам. Лукашэнка загадаў абодвух “выгнаць з працы да вечара”, а ў “Белегпраме” зрабіць чыстку.

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА, на чале ААТ “Камволь” Лукашэнка паставіў галоўнага інжынера прадпрыемства Віктара Гаўрыленку. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў да Новага года падаць прапановы адносна кандыдатуры новага кіраўніка канцэрну “Беллегпрам”.

Акрамя таго, Лукашэнка зрабіў жорсткае папярэджанне ўраду. “Вам з Мясніковічам – гэта апошні званок, – заявіў ён, звяртаючыся да першага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі. – Мне вашыя апраўданні не патрэбныя! Я сюды не па апраўданні прыехаў. Я добра ведаю, што адбываецца на “Камволі”.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў