АБСЕ накіруе двух крыміналістаў для расследавання смерці Алега Бябеніна


Арганізацыя бяспекі і супрацы ў Еўропе (АБСЕ) накіруе ў Менск двух экспертаў-крыміналістаў, каб расследаваць прычыны смерці апазіцыйнага журналіста Алега Бябеніна, паведамляе БелаПАН. Адпаведную просьбу беларускае МЗС накіравала 9 верасня.

«Сёння любая краіна, якая ўваходзіць у АБСЕ, можа заявіць пра сваю гатовасць накіраваць эксперта ў Беларусь. Беларускі бок не мае намеру ўстанаўліваць нейкія рамкі падбору названых экспертаў. Крытэр можа быць, напэўна, толькі адзін – высокія прафесійныя якасці і досвед крыміналіста», – цытуе БелаПАН прэс-сакратара МЗС Беларусі Андрэя Савіных.

Намеснік кіраўніка Офісу АБСЕ ў Менску Жандос Асанаў пацвердзіў, што бакам засталося абмеркаваць тэхнічныя дэталі. Рашэнне ўладаў Беларусі прывітаў Еўрапарламент.

Нагадаем, што цела 36-гадовага кіраўніка апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу «Хартыя’97» Алега Бябеніна знайшлі 3 верасня на ягоным лецішчы ў Дзяржынскім раёне. Экспертыза ўстанавіла, што прычынаю смерці стала задушэнне пятлёю пры павешанні.

Генпракуратура ў якасці асноўнай разглядае версію самагубства. Аднак сябры, сваякі ды калегі загінулага сумняюцца ў тым, што журналіст мог пайсці з жыцця добраахвотна. Міжнародныя арганізацыі заклікалі ўлады Беларусі правесці дакладнае і неперадузятае расследаванне абставінаў гібелі апазіцыйнага журналіста.

belsat.eu
20.09.2010

Глядзі таксама
Каментары