Алкаеў: Байковай таксама давядзецца адказаць за справу Захаранкі


Былы начальнік менскага СІЗА № 1 упэўнены, што відэазапіс пакарання смерцю зніклага былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі існуе. Ён працягвае расследаваць знікненні беларускіх палітыкаў.

Былы начальнік менскага СІЗА № 1, аўтар кнігі “Расстрэльная каманда” Алег Алкаеў, які атрымаў палітычны прытулак у Нямеччыне, працягвае весці сваё расследаванне падзеяў вакол зніклых беларускіх палітыкаў. Алкаеў упэўнены ў існаванні відэазапісу пакарання смерцю зніклага былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі.

“Я хачу падкрэсліць, што гэтых справаў замяць не ўдасца, бо яны не маюць тэрміну даўніны. І адказнасць за патуранне пры расследаванні такога кшталту злачынстваў таксама бестэрміновая. Нагадаем, што ў 1999–2000 гг. у Беларусі зніклі палітычныя праціўнікі Аляксандра Лукашэнкі – экс-кіраўнік МУС генерал Юрый Захаранка, былы намеснік старшыні Вярхоўнага Савету Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі ды журналіст Дзмітрый Завадскі. Я звяртаю ўвагу на тое, чаму больш як дзесяць гадоў не прасоўваецца следства ў гэтых справах”, – сказаў у інтэрв’ю “Deutsche Welle” Алег Алкаеў, які атрымаў палітычны прытулак і жыве ў Нямеччыне.

“Прынята лічыць, што асноўная віна ляжыць на кіраўніцтве краіны. Але нельга выключаць і адказнасці працаўнікоў следчага апарату, якім матэрыялы перадаваліся з рук у рукі, а расследаванне так і не зрушыла з месца. Напрыклад, чаму следчая Святлана Байкова, якая першыя два гады вяла справу аб знікненні Захаранкі, ведаючы ўсе акалічнасці, адводзіла следства ўбок? Яна шукала Юрыя Захаранку ў Нямеччыне, дзе ён нібыта хаваўся. Па беларускім тэлебачанні нават паказвалі кадры дому, дзе “пасяліўся” зніклы генерал. Але ж следчая добра разумела, дзе трэба шукаць ягонае цела. Віна ляжыць не толькі на ёй, я назаву і іншыя імёны”, – сцвярджае Алкаеў.

Алкаеў кажа, што нядаўна наведаў Менск і не лічыць, што ягоную цікавасць нехта можа выкарыстаць і павесці ў фальшывым кірунку.

“Кажуць, пасля пэўнага часу цяжка шукаць доказы, тым больш схаваныя глыбока ў зямлі. Але ёсць шмат сведак, якія ведаюць, хто і што рабіў, і яны гатовыя адказваць на пытанні. Вядома, на ўмовах ананімнасці. Пакуль я шмат чаго не магу распавядаць. Мы не ў цацкі гуляем, за злачынствы такога кшталту належыць расстрэл. Але ж у Беларусі смяротнай кары пакуль яшчэ ніхто не адмяніў. І тыя, каму яна можа пагражаць, будуць абараняцца ўсур’ёз”, – рэзюмаваў былы начальнік менскага СІЗА № 1, у якім прыводзяць у выкананне смяротныя прысуды.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў