Злучаныя Штаты ў жалобе


{movie}Ньютаўн: ля школы|left|8099{/movie}У ЗША абвесцілі чатырохдзённую жалобу па ахвярах страляніны ў школе ў Ньютаўне. Каля месца трагедыі паўстаў імправізаваны мемарыял, да якога прыходзяць жыхары Ньютаўну ды суседніх гарадоў.

Чаму Ланца распачаў страляніну?

Напад на школу здзейсніў 20-гадовы мясцовы жыхар Эдам Ланца. Паводле тых, хто выжыў пасля нападу, Ланца зайшоў у будынак школы і пачаў метадычна моўчкі расстрэльваць вучняў і настаўнікаў. Ягонымі ахвярамі зрабіліся 12 дзяўчатак і 8 хлопчыкаў ва ўзросце 6–7 гадоў ды 6 жанчын – працаўніц школы. Адразу пасля нападу Эдам Ланса застрэліўся ў будынку школы. Перад нападам ён забіў сваю маці.

Паводле паліцыі, злачынец выкарыстаў для нападу два пісталеты і вінтоўку. У школе прагучала не менш за сто стрэлаў. Праваахоўнікі пакуль не гавораць пра матывы, якія маглі штурхнуць 20-гадовага амерыканца на злачынства. Цяпер следчыя вывучаюць атачэнне і паводзіны Ланца ў апошнія дні перад нападам.

Патлумачыць такое злачынства цяжка нават следчым і пракурорам, што не раз мелі справу з забойцамі. Прафесар Дэпартаменту юстыцыі, права і грамадства Амерыканскага ўніверсітэту Эмільё Віяна гаворыць, што дзеці невыпадкова былі мішэнню для забойцы.

«Калі вы хочаце сапраўды нанесці шкоду грамадству, калі вы хочаце зрабіць уражанне і прымусіць людзей сапраўды адчуць боль, то вы забіваеце дзяцей. Бо гэта атака на самае каштоўнае ў жыцці грамадства – дзяцей», – гаворыць ён.

Зброю – пад большы кантроль?

Зброя на продаж. Са зніжкамі.Зброя на продаж. Са зніжкамі.Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама заявіў, што законы, якія рэгулююць абарот зброі ў ЗША, трэба перагледзець. Оўбама і раней рабіў такія заявы, аднак пасля трагедыі ў Ньютаўне кіраўнік краіны можа атрымаць больш прыхільнікаў у гэтай ініцыятыве – як сярод палітыкаў, гэтак і сярод шараговых амерыканцаў.

Пакуль у ЗША можна практычна свабодна купіць стралковую зброю. Паводле кааліцыі «Мэры супраць нелегальнай зброі», што аб’ядноўвае больш як 600 амерыканскіх мэраў, каля 40 % фактаў продажы зброі ў ЗША не паддаюцца ніякаму кантролю.



«Напрыклад, у Вірджыніі, калі вы купляеце піва, вам прыйдзецца паказаць дакументы, каб давесці, што вы маеце 21 год. А калі вы хочаце купіць некаторыя віды зброі, то нават не спатрэбіцца ні паказваць дакументы, ні мець 21 год. Гэта проста вар’яцтва», – перакананы Дэйвід Чыпман, кансультант кааліцыі «Мэры супраць нелегальнай зброі».

Міхась Ліхтаровіч

belsat.eu

Стужка навінаў