Уладзімір Колас: Прапанаваныя змены ў адукацыі – імітацыя дзейнасці


У беларускіх школах неўзабаве суботы могуць зрабіцца вучэбнымі, прынамсі для 10–11-х класаў. Міністэрства адукацыі пакуль толькі разглядае такую магчымасць, але ініцыятыва зыходзіла ад Аляксандра Лукашэнкі, і таму вельмі імаверна, што гэта неўзабаве зрабіцца рэальнасцю.

Навошта школьнікам шасцідзёнка?

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч назваў увядзенне 6-дзённага навучання для 10–11-х класаў «найлепшым сродкам павышэння якасці ведаў». Мяркуецца, што пры гэтым скароціцца колькасць факультатываў.

Заснавальнік Беларускага гуманітарнага ліцэю Уладзімір Колас перакананы, што гэткія змены да якасных зрухаў у беларускай адукацыі не прывядуць.

«Усё гэта імітацыя дзейнасці, як і ацэнка гэтага. Яна залежыць ад прапаганды, і гэтая ацэнка заўсёды станоўчая, – гаворыць Уладзімір Колас. – У нас засваенне ведаў, нават вось гэтых, з пяццю днямі, – гэта 15 % у сярэднім, гэта ніжэй за плінтус, як любіць казаць наш кіраўнік. Ці зменіць гэта шасцідзёнка? Я не думаю».

«Усе перамены, што адбываюцца ў нас у сферы адукацыі, носяць імпульсіўны і мала асэнсаваны характар», – дадаў Уладзімір Колас.

Якасць адукацыі ды якасць… жыцця настаўніка

{movie}Уладзімір Колас: Увядзенне шасцідзёнкі – імітацыя дзейнасці|left|8098{/movie}Паводле Уладзіміра Коласа, на нізкую якасць беларускай адукацыі ўплывае не толькі арганізацыя навучальнага працэсу, але і кадры. «Я сумняюся, што настаўнікі з такою самаю матывацыяй, як сёння, з сённяшнім сацыяльным статусам будуць зацікаўленыя ў якаснай працы. Хто ў нас цяпер ідзе ў педагагічныя ВНУ? Далёка не самыя лепшыя вучні, бо гэта далёка не самая прэстыжная прафесія. І адзінкі тых, хто там вучыцца, плануе звязаць сваё жыццё са школаю», – заявіў Уладзімір Колас у інтэрв’ю «Белсату».

Паводле афіцыйнае статыстыкі, сярэдні налічаны заробак беларускіх настаўнікаў складае Br 3,12 млн. Гэтая сума змяншаецца пасля адлічэнняў падатку ды выплатаў у сацыяльныя фонды. Да таго ж заробак настаўніка залежыць ад стажу, катэгорыі ды нагрузкі. Фактычна «на рукі» нават такі заробак атрымлівае далёка не кожны.

«Настаўнік прыгнечаны і эканамічна, і маральна. Настаўнік мусіць суўдзельнічаць у фальсіфікацыі выбараў, павінен займацца палітычным сыскам і пры гэтым атрымлівае мізэрны заробак, менш, чым амапавец – былы двоечнік. У такой сітуацыі школа не можа даваць якасных ведаў», – падкрэсліў Колас.

Міхась Ліхтаровіч
belsat.eu

Стужка навінаў