У Егіпце распачаўся рэферэндум наконт паўнамоцтваў прэзідэнта (фота)


Егіпцяне кажуць, што выбіраюць лёс краіны – шарыят або дэмакратыю.

Жыхары Егіпту распачалі сёння галасаванне ў першым туры рэферэндуму паводле праекту Канстытуцыі, прапанаванай прэзідэнтам Мэгэмэдам Мурсі ды ісламісцкімі партыямі. Паводле новага канстытуцыйнага праекту прэзідэнту Егіпту надаецца амаль неабмежаваная ўлада.

На першым этапе галасаванне пройдзе ў такіх буйных гарадах, як Каір і Александрыя, а таксама яшчэ ў васьмі правінцыях. Жыхары астатніх рэгіёнаў краіны прагаласуюць праз тыдзень.

Участкі для галасавання ахоўваюць больш за 250 000 вайскоўцаў. Напярэдадні прыхільнікі ды праціўнікі канстытуцыйных зменаў правялі дэманстрацыі, што выклікала крывавыя сутыкненні, – палітычныя апаненты лупцавалі адно аднаго бейсбольнымі бітамі.

Прыхільнікі Мурсі заяўляюць, што апазіцыянеры “адкрыта хлусяць” і наўмысна сеюць смуту. Апазіцыя ж кажа: у распрацоўванні новай Канстытуцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі выключна ісламісцкіх партыяў, і, такім чынам, закон не адпавядае чаканням усіх слаёў насельніцтва Егіпту.

Паводле нязгодных з праектам асноўнага закону краіны, новая Канстытуцыя надасць неабмежаваныя правы не толькі прэзідэнту, але і духоўным лідарам ісламу, што ў выніку прывядзе да шарыяту – панавання жорсткага рэлігійнага права. Шмат якія ісламскія вернікі сцвярджаюць, што ім падабаецца прапанова Мурсі пашырыць паўнамоцтвы кіраўніка краіны. На іхную думку, Мурсі ў новых палітычных умовах не зможа быць дыктатарам.

Дзяніс Багдановіч, паводле BBC

Глядзі таксама
Каментары