У Беларусі – «цвярозая» субота


У краіне абвешчаны Дзень цвярозасці. Гандаль спіртнымі напоямі ды півам забаронены, выключэнне зроблена толькі для рэстаранаў і спецыялізаваных бараў.

Нягледзячы на гэта, шматлікія крамы ў беларускай сталіцы гандлююць алкаголем. Толькі некаторыя ўніверсамы зачынілі аддзелы з таннымі пладова-ягаднымі вінамі. Гарэлка і віно – у свабодным доступе.

У межах дня прафілактыкі запланаванае правядзенне сеансаў бясплатнага кадавання ад алкагольнай залежнасці. Паводле звестак МУС, на наркалагічным уліку ў Беларусі цяпер больш за 190 тысяч грамадзянаў, якія пакутуюць на хранічны алкагалізм. Лекары з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псіхічнага здароўя кажуць: кожны трэці жыхар краіны – п’яніца.

Лукашэнка, аднак, негатыўна адрэагаваў на ініцыятыву ўраду цалкам забараніць выраб танных пладова-ягадных вінаў, у народзе званых «чарнілам»: «Гэтыя забароны нічога талковага не дадуць. Збярыцеся і сур’ёзна падумайце над тым, да чаго гэта можа прывесці. Забароннымі метадамі мы нічога не зробім».

Крытыкі Лукашэнкі патлумачылі ягоную пазіцыю тым, што прэзідэнт не хоча губляць часткі адданага яму электарату.

Чарка і скварка ў якасці сучасных беларускіх архетыпаў

«Лукашэнка паабяцаў беларусу «чарку і скварку». У перыяд крызісу гэта праграма жыццезабеспячэння электарату. Улада гуляе перыядычна на пачуццях жанчын, змучаных п’янствам мужоў. Але забараніць абывацелю піць – значыць, страціць ягоны голас», – упэўненая праваабаронца Людміла Гразнова.

Пра Дзень цвярозасці беларусам сказалі толькі ў чацвер. Шмат хто адразу кінуўся ў краму па спіртное.

«Вось не было на суботу прычыны, а цяпер ёсць! Я бутэлечку ўзяў. А каб не камандавалі!» – тлумачыць кіроўца Лёша, пакуючы «беленькую» ў торбу.

Шмат хто з экспертаў называюць «дні цвярозасці» тактычным кампрамісам паміж уладаю і часткаю электарату, заклапочанаю спойваннем нацыі. Трэба ўлічыць голас тых, хто пакутуе ад пітушчых сямейнікаў, кажа эканаміст Міхал Залескі, але беларуская дзяржава не гатовая адмовіцца ад папаўнення дзяржаўнага скарбу коштам спіртовых напояў. «Дзяржакцызы на алкаголь перасягаюць яго сабекошт у сотні разоў», – тлумачыць эканаміст.

Дзяніс Багдановіч, паводле BBC

Стужка навінаў