Зоркі інтэрнэту Зоя і Валера: Бог ведае, калі зрабіць «секір-башка»


Брат і сястра з палескай вёскі, якія заваявалі сімпатыю інтэрнаўтаў выкананнем папулярных песень, мараць доўга жыць і вясёла спяваць.{movie}Зоя і Валера: Бог ведае, калі нам зрабіць “сякер-башку”|left|8076{/movie}

Ролік пенсіянераў Зоі ды Валеры з Бярозаўскага раёну Берасцейскай вобласці, на якім яны спяваюць пад гармонік песню Алены Ваенгі «Курю», сабраў на сэрвісе «Youtube» больш за паўмільёна праглядаў. Вяскоўцы запісалі відэа проста на кухні свайго дому, што надало энергічнаму выкананню палешукоў адмысловы каларыт.

Спявачка Зоя расказала, што зусім не чакала павышанай увагі да сваёй асобы. Гэта сталася нечаканасцю і для ейных сваякоў. «Нават зяць здзівіўся!» – заўважыла самадзейная артыстка.

Паляшучка адзначыла, што ніколі не вучылася спяваць, але музыка ёй падабаецца з трох гадоў. У ейным дзяцінстве бацька граў на гармоніку, а малая спявачка падладжвалася да гучання, выконваючы «частулькі». Цяпер жа артыстка стараецца даць песням уласную інтэрпрэтацыю. {movie}Феерычны спеў Зоі і Валеры. Відэа карыстальніка сервісу youtube.com – Denis Levichev |left|8077{/movie}«Думаю, можа што і ёсць у маіх спевах. Калі спяваю такія змястоўныя песні з тэкстам задушэўным, то я ўжо стараюся выказацца», – распавяла спадарыня Зоя.

На пытанне пра канец свету спевакі адказалі: «Канец свету тады, калі табе канец! Бог сам вырашае, калі нам зрабіць «секір-башка»!

Самадзейныя артысты адзначылі, што, нягледзячы на ўсе страшныя прадказанні, не перастаюць марыць пра доўгае жыццё і вясёлыя песні.

«Неяк мы ўжо прывыклі, няма гумару. Першыя акорды пайшлі, і глядзіш – настрой у парадку», – падзялілася сваім рэцэптам пазітыўнага стану душы спадарыня Зоя.

Паводле БелаПАН
Відэа БелаПАН

Стужка навінаў