Болтачка: Хай сабе Беларусь і падманула Расею, але выкруцілася


Эксперты «Ліберальнага клубу» падвялі вынікі 2012 года.

У эканамічнай палітыцы Беларусі ў 2012 годзе былі прыкметныя перамогі. Пра гэта 13 снежня ў Менску на падвядзенні вынікаў года паводле грамадскага аб’яднання «Ліберальны клуб» заявіў эксперт арганізацыі Антон Болтачка.

Галоўнаю перамогаю дзяржавы адмыслоўца назваў легальную схему экспарту растваральнікаў і разбаўляльнікаў: «Юрыдычна нічога не парушана і былі заробленыя грошы, а з другога боку, гэта відавочна шэрая схема падману Расеі». Дзякуючы гэтаму краіна змагла выкараскацца з эканамічных цяжкасцяў: «Хай сабе і падманам, але Беларусь праявіла здольнасць выкручвацца з цяжкіх сітуацыяў».

Другою перамогаю, асабліва ў параўнанні з 2011 годам, знаўца назваў ажыццяўляную Беларуссю манетарную палітыку: «Яна адпавядае выклікам і не дазволіла эканоміцы ўпасці ў канцы года. Прынамсі, Нацбанк захаваў здаровы глузд».

{movie}Болтачка: Беларусь падманула Расею, але выкруцілася|right|8072{/movie}Што да пралікаў у эканамічнай палітыцы, то эксперт лічыць, што старыя «балячкі» эканомікі ўсё яшчэ засталіся і ў наступным годзе яны выйдуць наверх: «У бюджэце на 2013 год курс беларускага рубля ў адносінах да долара закладзены вышэйшы за 9 100 рублёў. То бок у 2013 годзе чакаецца павольная дэвальвацыя». Таксама эксперт адзначыў, што пакуль не дамовіліся з Расеяй пра імпарт нафты на наступны год, адпаведна «няма вонкавых стымулаў, якія могуць падтрымаць эканоміку».

Болтачка выказаў таксама меркаванне, што Расея цікавіцца Беларуссю толькі таму, што тут ёсць «смачныя актывы». Паводле яго, да канца наступнага года ў рукі расейскага ўласніка зноў можа трапіць чарговае беларускае прадпрыемства: «Не адважуся сказаць, што гэта будзе «Беларуськалій», але пагадненне з іншымі актывамі сапраўды будзе».

Эксперты «Ліберальнага клубу» падкрэсліваюць, што 2012 год быў для Беларусі не горшы і не лепшы за папярэдні. Найбольш цікавым для жыхароў краіны, на думку «лібералаў», стане 2015 год, калі адбудуцца прэзідэнцкія выбары.

Паводле БелаПАН

Стужка навінаў