Вяскоўцы едуць скардзіцца Лукашэнку на інвестара-італьянца


Яны хочуць, каб кіраўнік краіны вырашыў гісторыю з «прэзідэнцкімі дамамі» ў Кобрынскім раёне.

Паводле жыхароў вёскі Залессе, праблемы пачаліся з таго часу, як тры гады таму мясцовую стратную аграгаспадарку «Быстрыца» набыў бізнесовец з Італіі ды праз сваю кампанію «Бісола Габрыэле Фарм» утварыў прыватную ферму. Новы ўладальнік пачаў жорстка кантраляваць працоўную дысцыпліну, звольніў шмат якіх рабочых і паставіў пытанне пра іхнае высяленне са службовага жытла (гэтак званых прэзідэнцкіх дамоў, што засталіся ад былога калгасу).

Людзям жа, якія засталіся працаваць на ферме і працягваюць жыць у гэтых дамах, не даюць выкупіць жытло. Тым часам на гаспадарку прынялі грамадзянаў Украіны, якім таксама патрэбнае часовае жытло.

Прадстаўнік італьянскага бізнесоўца запэўнівае, што ўсе свае абавязкі інвестар выконвае і ніякіх парушэнняў закону з ягонага боку няма.

«Калі не здолеем трапіць да Аляксандра Лукашэнкі, дык хай сустрэнуцца з намі ягоныя падначаленыя. Бо мы хочам працаваць і жыць на гэтай зямлі, але нас пазбаўляюць працы і не даюць выкупіць дом», – кажуць вяскоўцы.

belsat.eu паводле spring96.org

Стужка навінаў