Ала Бабкова: «Белсат» запэўнівае, што пра Беларусь думаюць крэатыўныя людзі


Кінакрытык і эксперт у галіне кінематаграфіі Ала Бабкова на партале mediakritika.by ацаніла «Белсат» з гледзішча прафесіянала.



Спадарыня Бабкова адзначыла, што ў Беларусі склаліся дзве медыйныя прасторы: «салаўіныя дзяржаўныя СМІ» з дэвізам «Слухай бацьку!» і незалежныя медыі, якія працуюць дзеля словаў «Жыве Беларусь!». На гэтым тле адмыслоўца вылучае незалежны тэлеканал «Белсат», які, на яе думку, выступае процівагаю прапагандысцкаму дзяржаўнаму тэлебачанню.



Ацэньваючы тэлеканал, экспертка ўзяла пад увагу не толькі інфармацыйны кантэнт, прафесійнасць тэлевядоўцаў, рэпарцёраў у кадры і за кадрам, але і кантынгент асобаў, якіх запрашаюць на тэлеканал або ў якіх бяруць інтэрв’ю.

Ідэнтыфікацыя

Сёлета на першым плане ў эфіры тэлеканалу, на думку адмыслоўцы, былі праблемы ахвяраў палітычнага рэжыму разам з сацыяльна-эканамічным становішчам краіны. «Беларусь выглядае на «Белсаце» гістарычнаю пакутніцаю, мемарыялам барацьбітоў за незалежнасць у розныя стагоддзі. Краінаю, якая ў мінулым мела інтэлектуальную эліту, сваіх ваяроў, святых і злачынцаў. У сённяшняй рэчаіснасці яна час ад часу пратэставая, арыентаваная на дэсаветызацыю, на пабудову грамадзянскага соцыуму і на нацыянальныя каштоўнасці», – заўважыла кінакрытык.

Адмыслоўца адзначыла, што дзякуючы рэгулярным апытанням вобраз беларуса на тэлеканале шматаблічны і разнастайны. Але ад камераў «Белсату» ўхіляюцца прадстаўнікі ўлады і бізнесу, якія баяцца за свае пасады і прыбыткі.

Хоць створаны тэлеканалам абрыс беларускага грамадства нельга лічыць рэпрэзентатыўным, аўтарка артыкулу хацела б ідэнтыфікавацца менавіта з тым сацыяльна-псіхалагічным асяроддзем, якое паказваюць на «Белсаце».

Каманда

Параўноўваючы пачатак дзяржаўнага тэлебачання і «Белсату», спадарыня Бабкова адзначыла большы прафесіяналізм і меншую колькасць памылак ды хібаў менавіта на незалежным тэлеканале. Яна падкрэсліла бездакорнасць праграмы «Моўнік», адзначыла журналісцкае майстэрства, прафесійнае красамоўства і змястоўнасць падавання матэрыялу ў праграмах «Два на два», «Зона свабоды». Ёй падабаецца таксама дынамізм і лёгкі гумар ток-шоу «Форум», спалучэнне сарказму ды іроніі ў сатырычнай праграме «Эксперт» і г. д.

Вядоўцам, праўда, спадарыня Бабкова параіла б яшчэ больш рыхтавацца да трансляцыі, каб быць на адным узроўні з гасцямі-адмыслоўцамі, а таксама ўдасканальваць беларускае маўленне. Мужчынскаму кантынгенту не зашкодзіла б больш клапаціцца пра дапасаванасць вопраткі.

Кантэнт

Публіцыстка падкрэсліла імкненне кіраўніцтва «Белсату» на чале з дырэктаркаю Агнешкаю Рамашэўскай-Гузы не стаяць на месцы, а ўдасканальвацца: «Мне, як глядачцы, бачны творчы і арганізацыйны рух «Белсату» ў параўнанні з мінулым, 2011-м годам».

Усім крытыкам тэлеканалу экспертка раіць улічваць умовы яго працы. Незалежным карэспандэнтам даводзіцца працаваць у неспрыяльнай, а нават рызыкоўнай прасторы, развязваць фінансавыя ды арганізацыйныя складанасці, спалучаючы легітымнасць з партызанскімі метадамі.

«У савецкія часы беларусаў запэўнівалі, што пра Беларусь думаў Ленін, а потым Кампартыя Беларусі, якая выконвала гэты абавязак паводле дырэктываў КПСС. «Белсат» жа запэўнівае, што пра Беларусь думае шмат крэатыўных, высакародных, бясстрашных людзей. У гэтым – надзея», – мяркуе Ала Бабкова.

Падрыхтаваў Максім Ярашэвіч, паводле mediakritika.by

Стужка навінаў