Дзве з паловаю тысячы салідарных са Статкевічам і Дашкевічам


Ініцыятары акцыі салідарнасці з Мікалаем Статкевічам і Змітром Дашкевічам сабралі палову з 5 тыс. неабходных подпісаў пад петыцыяй, якую маюць накіраваць да ўрадаў краінаў Еўразвязу.

Укладальнікі петыцыі – жонка Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч, нявеста Змітра Дашкевіча, Наста Палажанка, дэпутат Еўрапарламенту Марэк Міґальскі. Яны заклікаюць прадстаўнікоў урадаў краін ЕЗ надалей прыкладаць намаганні, скіраваныя на вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў і, сярод іншага, неадкладна звярнуцца да ўладаў Беларусі з патрабаваннем гарантаваць палітвязням свабоду ад катаванняў ды іншых формаў бесчалавечнага абыходжання.

Збор подпісаў пад петыцыяй – частка кампаніі салідарнасці «Wolność x 2», якая ладзіцца з ініцыятывы еўрадэпутата Марэка Міґальскага.

«Мы глыбока перакананыя ў тым, што толькі паслядоўныя дзеянні ды агульная пазіцыя краінаў Еўрапейскага Звязу могуць прывесці да вызвалення беларускіх палітзняволеных», – гаворыцца ў петыцыі.

Дакумент падпісалі больш як 2,5 тысячы асобаў, у тым ліку жыхары Беларусі, Польшчы, Расеі, Нідэрландаў, Канады ды іншых краінаў.

Лідара апазіцыйнай арганізацыі «Малады фронт», арыштаванага напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, асудзілі на два гады калоніі паводле абвінавачвання ў збіцці мінакоў. У кастрычніку 2012-га выязны суд прызнаў Дашкевіча вінаватым у непадпарадкаванні, а таксама ў парушэнні рэжыму калоніі ды перавёў яго ў турму.

Былога кандыдата на прэзідэнцтва, лідара Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Мікалая Статкевіча асудзілі на шэсць гадоў калоніі за арганізацыю «масавых беспарадкаў». Пазней суд прызнаў яго «зацятым парушальнікам» рэжыму і скіраваў у турму.

Зміцер Ягораў

belsat.eu

Стужка навінаў