Няплатнікі могуць сустрэць Новы год без вады і святла


Віншаванне ва ўльтыматыўнай форме атрымалі жыхары Фрунзенскага раёну ад ЖРЭА № 2. Камунальнікі пагражаюць даўжнікам адключыць на святы водазабеспячэнне і электрычнасць.

«У выпадку несвоечасовай аплаты за камунальныя паслугі ЖРЭА будзе вымушана пакінуць Вас у святы без вады, каналізацыі і святла», – гаворыцца ў абвестцы.

Такія захады робяцца, бо «ў Новы год прынята ўваходзіць без пазыкаў», тлумачыць ЖРЭА. У дыспетчарскай службе арганізацыі пацвердзілі: гэта зусім не жарт. «Так, праўда! Калі да 25 снежня не заплаціце, адключаць электрычнасць, і вы не будзеце карыстацца ні святлом, ні вадою. Бо вы забавязаныя заплаціць да гэтай даты!» – зазначылі ў арганізацыі.

Электраэнергію, ваду і каналізацыю адключаць нават тым, хто не заплоціць толькі за адзін месяц. Больш за тое, ужываць карныя санкцыі будуць менавіта на Божае Нараджэнне! «Заплаціць трэба да 25 снежня, гэта прапісана ва ўсіх дамовах. А ўжо 25-га пачнуць адключаць», – паведаміла дыспетчарка.

Але шмат хто мяркуе, што фармулёўка «аплаціць да 25-га» азначае «да 25-га ўключна». У снежні ж гэты дзень прыпадае на дзяржаўны выходны, і таму, відаць, некаторыя грамадзяне плануюць плаціць за кватэру менавіта 25-га, не думаючы, што гэта будзе лічыцца пратэрмінаваннем. Іншымі словамі, дзяржава можа іх моцна расчараваць.

Праўда, ёсць магчымасць адтэрмінаваць аплату без сур’ёзных наступстваў. «Калі не выходзіць заплаціць да 25-га, падыдзіце ў разліковы цэнтр і скажыце: я заплачу, прыкладам, 27-га. Тады кватэра не падаецца ў спісы ЖЭС на адключэнне», – параіла працаўніца ЖРЭА.

А калі пра такую магчымасць чалавек не ведае? Чаму дзяржава вырашыла асаблівым чынам пакараць менчукоў менавіта на святы, калі раней за пратэрмінаванне проста налічвалі пеню? «Пеня ідзе, як і раней. Але цяпер трэба закрыць год і сабраць грошы. Таму за неаплату ЖРЭА мае права адключыць электраэнергію», – заявілі ў дыспетчарскай службе.

За падключэнне нанова, дарэчы, давядзецца заплаціць яшчэ 30 тыс. рублёў.

Паводле дыспетчаркі, практыка адключэння камунальных паслуг за несвоечасовую аплату існуе даўно, а ініцыятыва новаўвядзення належыць Міністэрству ЖКГ: «Гэтым правам мы карыстаемся шмат гадоў».

Паўліна Калтавічанка

belsat.eu

Фота dirty.ru

Стужка навінаў