Відэамантажнікі тэлеканалу СТВ дагэтуль чакаюць павелічэння заработнай платы.
У пятніцу 7 снежня вялікая частка відэаінжынераў тэлеканалу СТВ арганізавала страйк. Інжынеры відэамантажу, якія працуюць паводле дамовы найму, не з’явіліся на сваіх працоўных месцах. Прычына – невялікі, на думку працаўнікоў, заробак. З-за страйку відэамантажнікаў у эфір тэлеканалу двойчы не выйшлі навіны спорту.
Пасля інцыдэнту з мантажнікамі звязалася непасрэднае кіраўніцтва і прапанавала працаваць да панядзелка 10 снежня, на які было прызначанае абмеркаванне павышэння заробку.
Аднак кіраўніцтва дагэтуль не звязалася з працаўнікамі. Самі тэхнікі кажуць, што начальства нібы прапанавала ім пераходзіць у штат, але гэта зусім не азначае павышэння заробкаў. Адзіная выгода – з’яўленне сацыяльнага пакету. Такім чынам, інжынеры тэлеканалу да гэтага часу застаюцца ў нявызначаным стане.
«Мы вырашылі пакінуць сітуацыю без каментароў», – паведаміла прэс-сакратар ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» Анастасія Савіцкая, пракансультаваўшыся з кіраўніцтвам тэлеканалу.
Цяпер заробак інжынераў відэамантажу тэлеканалу СТВ, якія працуюць паводле дамовы найму, складае каля 3 млн бел. руб.
Максім Ярашэвіч, паводле tut.by