Расплацімся за растваральнікі прадпрыемствамі?


Зацягванне перамоваў наконт памераў паставак расейскай нафты ў Беларусь і змяншэнне паставак паспрыяе хутчэйшай прыватызацыі айчынных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў.

Масква ўсцяж не вызначылася, колькі нафты выдзеліць Менску ў наступным годзе. Нават учорашняе паседжанне прэм’ераў дзвюх краінаў не развязала пытання. Адмыслоўцы мяркуюць, што для наступнага этапу перамоваў спатрэбяцца кіраўнікі краінаў. Нагадаем, спрэчка ідзе вакол 5 млн тонаў нафты. Беларускі бок спадзяецца атрымаць 23 млн тонаў расейскай нафты налета, што на 2 млн болей, чымся сёлета. Натуральна, што пасля «растваральнага канфлікту» Расея не палае жаданнем падкінуць нядобрасумленнаму саюзніку яшчэ болей таннай сыравіны і прапаноўвае толькі 18 млн тонаў на наступны год. {movie}Аляксандр Сінкевіч пра нафтавыя перамовы|right|8046{/movie}

Паводле эканаміста Аляксандра Сінкевіча, Крэмль не мае прычынаў, каб спяшацца з рашэннем аб памерах паставак. Перамовы могуць працягнуцца і ў наступным годзе. Адзіны рычаг ціску на Расею, які ёсць у Беларусі, – гэта закуп венесуэльскай ці каспійскай нафты, пакуль не вызначаныя памеры паставак.

«Усе эканамічныя перамовы ды складанасці на іх, выкліканыя Расейскаю Федэрацыяй, маюць на мэце менавіта прыватызацыю. Бо пра яе заявілі яшчэ летась, але гэтак і не пачалі. А расейскі бізнес ужо практычна лічыць сваімі тыя прыбытковыя сферы беларускай прамысловасці: перадусім «Беларуськалій» і нафтавую прамысловасць», – кажа адмысловец.

Айчынныя нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мусяць няспынна працаваць напоўніцу, каб заставацца прыбытковымі. Калі Менск не атрымае гэтых 5 млн тонаў нафты, могуць знізіцца прыбыткі і адпаведна кошт беларускіх нафтаперапрацоўчых комплексаў, што толькі спросціць прыватызацыю прадпрыемстваў для расейскага капіталу.

Усевалад Шлыкаў
belsat.eu

Стужка навінаў