Расея можа стварыць у Беларусі вайсковую авіябазу


Планы расейцаў цалкам ажыццяўляльныя, мяркуе вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін.

У інтэрнэт трапілі звесткі пра магчымае размяшчэнне ў нашай краіне авіяцыйнай базы ўсходняй суседкі. Адпаведная інфармацыя з’явілася на партале «Ваенна-палітычны агляд» (www.belvpo.com).

Інтэрнэт-крыніца паведамляе, што, паводле неафіцыйных звестак з расейскага Міністэрства абароны, «братэрская дзяржава» можа пайсці на такі крок ў адказ на рэзкі рост актыўнасці войскаў НАТО ў Літве і Латвіі. Для стабілізацыі грамадскай думкі ды забеспячэння занятасці насельніцтва, расейскае вайсковае ведамства запрапануе беларусам служыць на авіябазе ў якасці кантрактнікаў.

Рэакцыі на гэтую інфармацыю з боку ўладаў нашай краіны пакуль няма.

Выснову пра магчымасць такой захады інтэрнэт-рэсурс падмацоўвае ацэнкаю вынікаў паседжання Савету міністраў абароны краінаў СНД, якое адбылося 11 снежня ў Маскве. Міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін заўважыў тады, што Расея і Беларусь у пытаннях агульнай супрацьпаветранай абароны прасунуліся далей за іншыя краіны Садружнасці. Гэта сведчыць, на думку аўтара артыкулу, пра сур’ёзнасць намераў Расеі.

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін мяркуе, што стварэнне расейскай вайсковай авіябазы на тэрыторыі нашай краіны цалкам магчымае. Паводле эксперта, у Беларусі ўжо дзеюць два расейскія вайсковыя аб’екты – база адсочвання супрацьпаветранай абароны пад Ганцавічамі ды станцыя сувязі з падводнымі чаўнамі пад Вялейкаю. Да таго ж, падкрэсліў адмысловец, у Беларусі пачынаюць спісваць старыя самалёты, а грошай на новыя не стае. Таму, на думку сп. Алесіна, Расея можа перадыслакаваць у Беларусь паветраную тэхніку, каб абараніць «свой усходні рубеж».

Вайсковы аглядальнік лічыць, што расейская авіябаза можа з’явіцца ў Баранавічах, Бабруйску ці нават пад Менскам.

Максім Ярашэвіч, паводле belvpo.com

Глядзі таксама
Каментары