Кіргізы: Хай Бакіеў сам прыедзе па сваю пенсію ў Кыргызстан


Пытанне пра налічэнне пенсіі Курманбеку Бакіеву можа быць развязанае толькі пасля яго вяртання або экстрадыцыі ў Кыргызстан, заявіў дарадца кіргізскага прэзідэнта Фарыд Ніязаў.

Колькі дзён таму на сустрэчы з сябрамі Клубу галоўных рэдактараў краінаў СНД, Балтыі і Грузіі Лукашэнка прапанаваў уладам Кыргызстану перавесці пенсію Бакіева ў Беларусь: «Жыве чалавек, пенсію яму сюды перавядзіце. Здаецца, налічана, але не пераводзяць».

Кіраўнік дзяржавы згадаў, што не быў прыяцелем Бакіева, але пасля перавароту ў Кыргызстане прыняў былога лідара разам з сям’ёю.

Гаворачы пра пенсію Бакіева, Ніязаў адзначыў, што яе трэба найперш адпаведным чынам налічыць і аформіць. «Аднак, наколькі я ведаю, Курманбек Бакіеў пазбаўлены статусу экс-прэзідэнта Кыргызстану ў сувязі з абвінавачаннямі ў цяжкіх злачынствах. Таму пытанне пра налічэнне яму пенсіі мусіць вырашацца ў адпаведнасці з заканадаўствам Кыргызстану, што рэальна пры вяртанні ўцекача на радзіму або пры экстрадыцыі», – падкрэсліў дарадца кіргізскага прэзідэнта.

Паводле Ніязава, перамовы аб экстрадыцыі Бакіевых працягваюцца: «У беларускага боку ёсць свае меркаванні наконт гэтага, у нас – свае. Але ў цэлым усё гэта мусіць вырашацца цывілізаваным дыпламатычным шляхам, аднак гэта не мяняе нашага стаўлення да сям’і Бакіевых».

У красавіку 2010 года ў Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, што складаецца з лідараў апазіцыйных партыяў. Пры гэтым загінулі прыблізна 90 асобаў, прыкладна тысяча атрымалі раненні.

19 красавіка таго ж года зрынуты прэзідэнт Курманбек Бакіеў прыбыў у Беларусь на асабістае запрашэнне Лукашэнкі. Самога Бакіева, ягонага брата Жаныша, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, сына Марата ды шэраг іншых набліжаных завочна абвінавацілі ў масавым забойстве, спалучаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвесцілі ў міжнародны вышук. Жаныш Бакіеў, апроч іншага, абвінавачваецца ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава ў сакавіку 2009 года.

Паводле БелаПАН

belsat.eu

Стужка навінаў