Сапраўднае сяброўства. У 2013 Расея будзе крэдытаваць толькі Беларусь


Міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што ў 2013 г. Расея не плануе выдаваць крэдыты іншым краінам, акрамя Беларусі.

Рада Антыкрызіснага фонду (АКФ) ЕўрАзЭС 7 снежня на паседжанні ў Менску ўхваліла чарговы, чацвёрты транш крэдыту Беларусі на 440 млн даляраў. Тады Сілуанаў заявіў, што не варта звязваць гэтае рашэнне з палітычнымі момантамі. «Магу вас запэўніць, што ніякай палітыкі не было. Гэта чыстая эканоміка», – падкрэсліў ён.

Пагадненне паміж Беларуссю і Еўразійскім банкам развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі АКФ ЕўрАзЭС, пра выдзяленне крэдыту на 3 млрд даляраў шасцю траншамі было падпісанае 9 чэрвеня 2011 г. Першы транш на 800 млн даляраў быў пералічаны ў Беларусь 21 чэрвеня 2011 г., яшчэ 440 млн даляраў – у снежні 2011-га.

У 2012 г. Беларусь павінна атрымаць два траншы па 440 млн даляраў кожны. Трэці транш быў атрыманы ў чэрвені і залічаны ў золатавалютныя рэзервы краіны. У чэрвені намеснік міністра фінансаў РФ Сяргей Сторчак выказаў меркаванне, што Беларусь мае ўсе шанцы да канца года атрымаць чацвёрты транш.

belsat.eu

Стужка навінаў