Пра плюшавы дэсант усё ж такі не даклалі


Следчы камітэт закончыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні памежніка, якога абралі вінаватым у палёце шведскага аднаматорнага самалёта над Менскам і ваколіцамі.

Як паведамілі агенцтву «Интерфакс-Запад», шведаў своечасова заўважыў памежны нарад. Пра аднаматорны самалёт, што ляцеў на мінімальнай вышыні, паведамілі дзяжурнаму памежнага паста «Суботнікі».

«Дзяжурны памежнага паста, у парушэнне ўсталяванага парадку, з асабістай нядбайнасці не перадаў прынятага паведамлення пра назіранне паветранай цэлі над дзяржаўнаю мяжой у адзінку ВПС і СПА Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і вышэйшаму дзяжурнаму памежнага атраду», – заявіў Следчы камітэт.

Далей упраўленне сувязяў з грамадскасцю СК паведамляе, што паколькі ўзброеныя сілы Беларусі не атрымалі паведамлення пра шведскі самалёт, то парушэнне дзяржаўнай мяжы і не было спыненае.

Раней кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заяўляў , што самалёт быў заўважаны на самай мяжы, але беларускія СПА яго пашкадавалі.

«І хай моляць Бога, што нашыя «памяркоўныя» беларусы пашкадавалі гэтых летуноў, – дадаў Лукашэнка. – Іх зарэгістравалі адразу над мяжою. Пашкадавалі, бачыце, фанерны самалёт, а з гэтага выйшаў скандал. Але гэта было парушэнне ўсіх дамоўленасцяў».

4 ліпеня лёгкі аднаматорны самалёт шведскай рэкламнай кампаніі «Studio total» праляцеў над беларуска-літоўскаю мяжой і скінуў над Менскам некалькі соцень плюшавых мядзведзікаў з заклікамі ў падтрыманне свабоды слова ў Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары