Паўночная Карэя паспяхова запусціла ракету далёкага радыусу дзеяння


Мясцовыя медыі паведамляюць таксама пра выхад на арбіту спадарожніку.

Вядома, што рэч тут не ў спадарожніку. Паўночная Карэя ўрэшце здолела стварыць ракету, якая ў стане даляцець нават да ЗША. Улічваючы братэрскую дапамогу Ірану і Сірыі ў распрацоўванні атамнай зброі, гэта стварае вечную небяспеку не толькі для блізкіх суседзяў, Паўднёвай Карэі ды Японіі, але і для галоўнага ідэалагічнага ворага – Злучаных Штатаў.

Першая ступень ракеты ўпала ў Жоўтае мора, абломкі другой і трэцяй даляцелі да Філіпінаў. Ракета праляцела дакладна над японскаю выспай Акінава. Запуск ракеты адбыўся за тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў у Паўднёвай Карэі ды за пяць дзён да гадавіны смерці папярэдняга лідара краіны Кім Чэн Іра. Папярэдні запуск падобнай ракеты «Ынха-3» у красавіку скончыўся няўдачаю. {movie}Запуск паўночнакарэйскай ракеты. Рэакцыі|right|8026{/movie}

Японія і Паўднёвая Карэя асудзілі запуск ракеты. Згодна з рэзалюцыяй ААН, Пхеньян не мае права распрацоўваць ракеты далёкага радыусу дзеяння.

Дзяржаўны сакратар Японіі Осаму Фудзімура патрабуе надзвычайнага сходу Рады бяспекі ААН.

«На сённяшні момант мы не можам пацвердзіць ці аспрэчыць, што кавалкі ракеты ўпалі на японскую тэрыторыю. У любым выпадку сродкі супрацьпаветранай абароны не былі выкарыстаныя. Мы ўсцяж працуем над высвятленнем, ці няма пашкоджанняў на нашай тэрыторыі. Мы склікалі ў Марока адмысловую нараду Рады бяспекі, што адбудзецца як мага хутчэй», – заявіў Осаму Фудзімура.

Паўднёвая Карэя таксама патрабуе вострай міжнароднай рэакцыі.

«Паўночная Карэя праігнаравала неаднаразовыя папярэджанні пра недапушчальнасць запуску ракеты. Наш урад разам з усёй міжнароднаю супольнасцю асуджае гэты факт. Паўночная Карэя павінна панесці адказнасць перад Радаю бяспекі ААН, як яе папярэджвалі яшчэ ў красавіку», – заявіў міністр замежных справаў Паўднёвай Карэі Кім Сонг Хўан.

Усевалад Шлыкаў
belsat.eu

Стужка навінаў