Будучыня Беларусі. Як яе бачаць адмыслоўцы


Галоўныя замежныя і айчынныя эксперты ў пытаннях нашай краіны разам стварылі кнігу «Будучыня Беларусі». Гэта спроба прадказаць варыянты развіцця падзеяў праз 5, 10 і нават 20 гадоў.

Думаць стратэгічна, а не тактычна

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі звяртае ўвагу на тое, што дагэтуль разнастайныя праграмы ды стратэгіі, як з боку ўладаў, так і з боку апазіцыі, вызначаліся схематызмам і недальнабачнасцю. Як пераконваемся, Беларусь – гэта краіна не стратэгіяў, а тактык. Улада жыве сённяшнім днём і проста праядае рэсурсы, а апазіцыя не вельмі ўяўляе, што будзе пасля змены ўлады. {movie}Аляксандр Класкоўскі пра кнігу “Будучыня Беларусі”|right|8021{/movie}

«Вось, напрыклад, скінуць Лукашэнку – і ўсё ў нас будзе добра, будзем багатыя і шчаслівыя. Не так. Аўтары кнігі не прэтэндуюць на праўдзівасць у апошняй інстанцыі, але паказваюць, як усё складана. Праблема не ў тым, каб толькі зрынуць гэты рэжым. Праблема яшчэ ў ментальнасці нацыі, у тым, што ў нас само стварэнне нацыі не скончылася на сёння», – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

Беларусь разрываецца паміж Расеяй і еўрапейскімі каштоўнасцямі. Адмыслоўцы збольшага разглядалі гэтыя два варыянты: што адбудзецца пры схіленні ў бок мацнейшай інтэграцыі з Расеяй і што, калі пойдзем іншым шляхам, пры якіх умовах гэта можа адбыцца. Восем замежных і столькі ж беларускіх экспертаў спрабуюць патлумачыць, які з варыянтаў, пры якім развіцці падзеяў дае большыя перавагі для беларусаў.

«Але не такія перавагі, як сёння. Вось Расея падкінула нафты ды газу – і ўсё, можна «кайфаваць», а гэта скончыцца «ломкаю». Трэба думаць пра дзяцей і ўнукаў, каб гэта была будучыня ў сусветнай эліце, а не ў трэцім свеце», – заўважае палітолаг.

Песімістычныя прагнозы

Эканаміст Леанід Заіка напісаў адну з частак кнігі – пра развіццё палітычнай мадэлі Беларусі. {movie}Леанід Заіка пра кнігу “Будучыня Беларусі”|right|8022{/movie}

Адмысловец зазірнуў у будучыню ажно на 20 гадоў. Згодна з ягоным песімістычным прагнозам, Беларусь, Казахстан і Расея застануцца ідэнтычнымі ў сваіх механізмах улады. Гэткаму варыянту спрыяюць інтэграцыйныя працэсы: Мытны саюз, Еўразійскі саюз, АДКБ і, вядома ж, Саюзная дзяржава.

«Кніга разлічаная на людзей разумных, адукаваных. Магчыма, што і на прадстаўнікоў улады. На адмыслоўцаў замежных і нашых. А пераважна – гэта навуковая і канцэптуальная кніга», – сцвярджае Леанід Заіка.

Усевалад Шлыкаў

belsat.eu

Стужка навінаў